Вынікі менскіх перамоваў у справе украінскага крызісу


На месцы катастрофы малайзійскага «боінга» ў Данецкай вобласці міжнародныя эксперты распачалі працу. Гэта стала магчымым дзякуючы дамоўленасцям, дасягнутым у Менску падчас перамоваў кантактнай групы дзеля ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. Бакі пагадзіліся стварыць адмысловы калідор для місіі АБСЕ.

{movie}Вынікі менскіх перамоваў|right|17754{/movie}

АЛЕКСАНДЭР ГУГ, ПРАДСТАЎНІК АБСЕ:
“Вельмі карысна, што падчас менскай сустрэчы дасягнулі палітычнага пагаднення. Цяпер нашая задача – аператыўна ажыццявіць рашэнне і рэальна стварыць бяспечны праход”.

Больш за 100 адмыслоўцаў адразу па прыбыцці на месца даследавалі тэрыторыю, дзе ляжаць абломкі самалёта. Паводле ацэнкі аўстралійскіх уладаў, на месцы аварыі ўсё яшчэ застаюцца целы каля 80 пасажыраў. Міжнародная камісія агучыла вынікі працы за першы дзень у Данецку.

ПІТЭР ЯАП ААЛБЭРСБЭРХ, КІРАЎНІК НІДЭРЛАНДСКАЙ МІСІІ ВА УКРАІНЕ:
“Мы атрымалі ўзоры ДНК 25 ахвяраў катастрофы. Таксама мы здолелі адшукаць асабістыя рэчы 27 ахвяраў. Усё гэта нам удалося знайсці ў Данецкім моргу. Гэтыя рэчы і ўзоры ДНК перададзеныя нідэрландскім і аўстралійскім экспертам”.

Акрамя запэўнівання бяспекі міжнародных экспертаў тэрарысты пасля ўчорашніх перамоваў у Менску пагадзіліся выпусціць частку закладнікаў. Ёсць дамоўленасць пра вызваленне 20 асобаў, якія маюць выйсці на волю. Чарговая сустрэча кантактавай групы адбудзецца на наступным тыдні.

Але выкананне ўжо існых дамоваў напаткала праблемы. Сепаратысты, якія да апошняга часу кантралявалі месца катастрофы “боінга”, сёння раптам заявілі, што не могуць гарантаваць бяспекі прадстаўнікам міжнароднай групы. Нягледзячы на папярэднія абяцанні.

УЛАДЗІМІР ГРОЙСМАН, НАМЕСНІК ПРЭМ’ЕР-МІНІСТРА УКРАІНЫ:
“Уздоўж маршруту, якім міжнародныя эксперты перамяшчаюцца да месца катастрофы, баевікі абавязаліся не весці баявых дзеянняў”.

Зрэшты, тэрарысты адмовіліся даць гарантыі бяспекі для мірных жыхароў нават у адмысловым калідоры для ўцекачоў з Луганску. Тут літаральна за два дні выехалі каля паўтысячы чалавек. У горадзе няма электра- і водазабеспячэння, не працуе мабільная сувязь. Пакідаць свой дом прымушаюць жорсткія абстрэлы жылых кварталаў, падчас якіх гінуць мірныя жыхары. Страты нясуць і вайскоўцы антытэрарыстычнай аперацыі. Непадалёку ад месца катастрофы “боінга” вайскоўцы трапілі ў засаду тэрарыстаў.

АНДРЭЙ ЛЫСЕНКА, ПРЭС-САКРАТАР РАДЫ НАЦБЯСПЕКІ:
“10 вайскоўцаў загінулі, параненыя 13 асобаў, месцазнаходжанне і лёс яшчэ 11 асобаў пакуль не вядомыя, бо супрацьстаянне там мае зацяжны характар”.

Пры гэтым афіцыйны Кіеў канстатуе ўсё больш частыя і агрэсіўныя артылерыйскія абстрэлы ўкраінскіх вайскоўцаў з тэрыторыі Расеі.

АНДРЭЙ ЛЫСЕНКА, ПРЭС-САКРАТАР РАДЫ НАЦБЯСПЕКІ:
“Паблізу пунктаў пропуску Даўжанскі, Чырвонапартызанск украінскія вайскоўцы апынуліся пад шчыльным абстрэлам з боку Расеі артылерыйскімі сістэмамі, у тым ліку і з сістэмаў “Град”.

Расейскі бок катэгарычна зняпраўджвае гэтыя звесткі. Украінскі ж фіксуе надалей нарошчванне каля сваіх усходніх межаў вайсковых сілаў. Праўда, на запыт Кіева Масква нават не здолела патлумачыць, з якою мэтаю гэта робіцца.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары