Памёр вядомы беларускі футбаліст Валянцін Бялькевіч


Сёння ноччу ў Кіеве на 42-м годзе жыцця раптоўна памёр адзін з лепшых футбалістаў Беларусі за ўсю гісторыю — Валянцін Бялькевіч, паведамляе Беларуская федэрацыя футбола.

Прычынаю смерці стаў адрыў тромбу, паведамляе сайт ФК «Дынама» (Кіеў).

Валянцін Бялькевіч чатыры разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі і двойчы заваёўваў Кубак краіны ў складзе футбольнага клубу «Дынама» (Менск). Пасля пераходу ў кіеўскае «Дынама» Бялькевіч разам са сваім новым клубам сем разоў выйграваў чэмпіянат Украіны і шэсць разоў — Кубак Украіны.

Беларускі паўабаронца зрабіў немалы ўнёсак у поспехі кіеўскага клубу на еўрапейскай арэне — у 1999 годзе «Дынама» дайшло да паўфіналу Лігі чэмпіёнаў. За зборную Беларусі правёў 56 матчаў і забіў 10 галоў. Валянцін быў адным з лідараў беларускай зборнай у кваліфікацыі да чэмпіянату свету ФІФА 2002 года, калі наша каманда спынілася ў кроку ад заваёвы другога месца ў групе і права згуляць у стыкавых матчах.

У 1995 годзе быў прызнаны лепшым футбалістам Беларусі, а ў 2001-м — лепшым гульцом украінскага чэмпіянату. Пасля завяршэння гульнявойкар‘еры Валянцін Бялькевіч стаў трэнерам.

У Бялькевіча засталася дачка, народжаная ў шлюбе з экс-салісткаю гурту «ВиаГра» Ганнай Седаковай.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Стужка навінаў