Cяргей Мацкевіч: Трэба, каб рада Макея вызначылася са статусам


Дыялог паміж уладамі ды грамадзянскаю супольнасцю можа аднавіцца.

Супрацоўнічаць больш цесна прадстаўнікі трэцяга сектару прапанавалі Грамадска-кансультацыйнай радзе пры Адміністрацыі прэзідэнта на чале з Уладзімірам Макеем. Яны запрасілі яе прадстаўнікоў на сустрэчу ўдзельнікаў нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці. Гэтая сустрэча мае адбыцца напрыканцы кастрычніка.

Нагадаем, што 29 верасня Уладзімір Макей заявіў, што рада гатовая прадстаўляць грамадскія інтарэсы на Форуме грамадзянскай супольнасці палітыкі Еўразвязу “Усходняга партнёрства”.

“Нам хацелася б, каб рада самавызначылася са статусам, – каментуе сітуацыю спікер Форуму грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства” Сяргей Мацкевіч. – Што гэта: пляцоўка для арганізацыі дыялогу, група экспертаў (якую можна трактаваць, як грамадскую арганізацыю) або прадстаўнікі ўладаў. Калі гэта другі варыянт, яны могуць удзельнічаць у форуме. У астатніх выпадках яны могуць быць толькі назіральнікамі”.

Сяргей Мацкевіч кажа, што ўспрыняў гэты крок са здзіўленнем, бо яму падавалася, што рада створаная для таго, каб знайсці паразуменне паміж уладамі ды грамадзянскаю супольнасцю ўнутры Беларусі: “Звароту да нас ў кааардынацыйны камітэт не было, яны звярнуліся наўпрост да еўракамісара [Штэфана] Фюле. Калі б яны звярнуліся да нас, мы маглі б рэкамендаваць іх у якасці гасцей”, – паведаміў ён.

belsat.eu

Стужка навінаў