Эксперты: Беларусь таксама адчуе санкцыі супраць Расеі


Новыя санкцыі супраць Масквы пачынаюць дзеяць. Заўтра набывае моц чорны спіс, пашыраны напярэдадні Еўразвязам. У ім – 95 прозвішчаў расейскіх чыноўнікаў і ўкраінскіх сепаратыстаў, датычных да распальвання канфлікту на ўсходзе Украіны. Таксама – 23 кампаніі, сярод якіх банкаўскія, вытворчыя і сэрвісныя ўстановы. Акрамя гэтага, абмежаванні супраць расейскіх чыноўнікаў і кампаніяў увялі ЗША, Канада і Японія. І хоць захады тычацца Расеі, прымусілі задумацца і беларусаў.

{movie}Плата за інтэграцыю|right|17735{/movie}

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Таваразварот у нас з Расеяй, напэўна, досыць вялікі. Правільна? Магчыма, ён зменіцца неяк, знізіцца, хутчэй за ўсё. Я думаю, што гэта нам нявыгадна”.
“Пакутаваць будуць простыя людзі, як мы з вамі, а вось у маштабах эканомікі санкцыі ні да чаго не прывядуць, на жаль”.
“Калі ў Расеі будуць складанасці з эканомікаю, калі будуць цяжкасці ў сувязі з санкцыямі, то і для нас будзе кепска”.

Гэтую заклапочанасць пацвярджаюць і эксперты. Яны нагадваюць: Расея – па-сутнасці асноўны спонсар для беларускай эканомікі ды асноўны рынак збыту.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Калі цяжар на расейскі бюджэт павялічыцца, а гэта каля 100 мільярдаў долараў стратаў за год, частка гэтых стратаў будзе перакладзеная і на Беларусь у выглядзе неатрыманых крэдытаў ды праз страты продажу беларускіх тавараў”.

Сапраўды, таваразварот з нашай усходняю суседкаю – найбольшы. Але акрамя гандлю Беларусь будуе з Расеяй і маштабны інтэграцыйны праект. І таму санкцыі супраць Масквы могуць стаць санкцыямі і супраць Менску.

МІХАЛ ЗАЛЕСКІ, ЭКАНАМІСТ:
“Палова экспарту ідзе не толькі ў Расею, але і на Захад. І вось тут нам можа ўжо быць кепска. Бо гэтыя санкцыі нам пакуль нічога не перакрываюць. Расейскі рынак ад нас не адсякаецца. Але ў перспектыве ад нас можа быць адсечаны еўрапейскі рынак, і гэта можа быць значна горш”.

Ужо цяпер санкцыі супраць кіраўніцтва Крамля адбіваюцца на некаторых беларускіх турыстычных аператарах. Паслядоўна – на іх кліентах. У прыватнасці, блакуюцца грашовыя пераводы за мяжу праз банкі з расейскім капіталам. І гэта можа быць толькі пачатак.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:
“Наступствы ад санкцыяў беларуская эканоміка будзе адчуваць усё мацней. І калі ў гэтым годзе будзе амаль неадчувальна, то ўжо праз год-два страты для нашай эканомікі будуць вельмі адчувальныя”.

Пры гэтым прагнозы для расейскай эканомікі – негатыўныя. Эканамісты раяць рыхтавацца да падзення курсу расейскага рубля, зніжэння росту эканомікі ды, адпаведна, да падзення ўзроўню жыцця. А з галоўным партнёрам з Мытнага саюзу мы звязаныя вельмі моцна.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў