Тэрарысты аддадуць рэчы са збітага «Боінга» – вынікі перамоваў аб міры на Данбасе


Вагон з рэчамі загінулых у крушэнні «Боінга-777», які знаходзіцца на кантраляванай баевікамі тэрыторыі, перададуць экспертам, якія расследуюць катастрофу. Пад Менскам прайшлі перамовы трохбаковай кантактнай групы аб урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.



«Ёсць вынік працы кантактнай групы і цягам двух дзён гэтыя рэчы будуць вернутыя з тэрыторыі, якую часова кантралююць баевікі», – паведаміў на брыфінгу намеснік прэм’ер-міністра Украіны, старшыня Дзяржкамісіі па расследаванні прычын катастрофы «Боінга-777» Уладзімір Гройсман.

Паводле намесніка прэм’ера, на месцы крушэння самалёта могуць заставацца целы загінулых, але дакладную інфармацыю пра гэта пададуць эксперты.

«Ёсць здагадкі. Дакладную лічбу мы будзем ведаць, калі цалкам даследуем месца, дзе знаходзяцца абломкі збітага самалёта. Дакладна гэта колькасць будзе вызначана экспертамі, якія вядуць даследаванні, у тым ліку і ідэнтыфікацыю», – сказаў Гройсман.

Прадстаўнік уладаў таксама паведаміў, што на перамовах кантактнай групы дасягнулі пагадненне аб захаванні калідора, па якім міжнародныя эксперты сёння дабраліся да месца крушэння «Боінга-777». Тэрарысты паабяцалі, што ўстрымаюцца ад баявых дзеянняў у калідоры.

МЯ, belsat.eu, паводле espreso.tv, segodnya.ua

Стужка навінаў