У Заслаўлі намагаюцца вырашыць украінскае пытанне


У дзяржаўнай рэзідэнцыі «Заслаўе» ля Менску распачалася сустрэча трохбаковай групы (Украіна – Расея – АБСЕ) па сітуацыі ва Украіне.

Агенства БелаПАН са спасылкаю на крыніцы, блізкія да перамоўнага працэсу, паведамляе, што ў сустрэчы бяруць удзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, амбасадар Расеі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і прадстаўнікі АБСЕ. Пры гэтым невядома, прыехалі ў Менск прадстаўнікі баевікоў, пра запланаваны ўдзел якіх раней паведамлялі назіральнікі АБСЕ.

Невядома таксама, ці будзе па выніках перамоваў брыфінг або заява для прэсы.

Увечары 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю аб тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам «па ініцыятыве ўкраінскага боку». «Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбаю прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоваў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з гэтай ініцыятывай», – паведаміла прэс-служба.

Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапануецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх закладнікаў, якія застаюцца ў баявікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта малайзійскіх авіяліній.

Парашэнка ўпаўнаважыў ўкраінскую частку кантактнай групы вылецець 31 ліпеня на кансультацыі ў Менск.

Пра намер удзельнічаць у мінскай сустрэчы заявіў прэм’ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Барадай. «У нейкім выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэнне наогул будзе», – дадаў ён у інтэрв’ю «РИА Новости».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў