Паралакс: Гарачы хлеб


Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.

Гэты здымак быў пастановачным, але гэта не перашкаджае рэпарцёрам з усяго свету пастаянна азірацца і шукаць вачыма хлебаносцаў на вуліцах сваіх гарадоў.

Уілі Роні марыў пра кар’еру дырыжора, усе дзяцінства правёў, займаючыся музыкай, але працяглая хвароба бацькі, які валодаў фотастудыяй, прымусілі юнака ўзяцца за фотаапарат.

У 1952 годзе фатограф атрымаў заданне падрыхтаваць эсэ пра чалавека, які пасля 15-ці гадоў жыцця ў Нью-Ёрку вяртаецца ў Парыж і наноў адкрывае для сябе французкую сталіцу. Роні меркаваў, што ён абавязаны паказаць у сваім матэрыяле пякарню, дзе сталічныя жыхары штодня набываюць свежы хлеб. Паблукаўшы па месце, Роні спыніўся ля багетнай крамкі на вуліцы Пэкле (rue Péclet) – адной з самых кліматычных, але з малой колькасцю турыстаў. Ніякай асаблівай ідэі на рэалізацыю сваёй задумы ён не меў, але і проста фатаграваць уваходныя дзверы не хацелася.

Унутры пякарні фатограф заўважыў маленькага хлопца з бабуляй, што стаялі ў чарзе, і Роні стаў цярпліва чакаць, калі яны набудуць хлеб. Праз момант ён падыйшоў запытацца, ці можна сфатаграваць хлопчыка з хлебам. Жанчына была не супраць. Пра хлопца і казаць было не варта. Ён тры разы прабег уніз па вуліцы з багетам пад пахай, пакуль выконваліся дублі.

У кароткі час здымак стане візітнай карткай фатографа, а сюжэт – адным з самых модных у фатаграфічным асароддзі: багет будзе трансфармавацца ў каравай, лаваш і чабурэк. Міне шмат гадоў, і неяк Роні пачуе ў слухаўцы голас мачыхі таго самага хлопчыка, які паспеў стаць дарослым мужчынам. Яна прапанавала сустрэцца ля той самай пекарні. Роні пагадзіўся, маючы надзею, што яна прыйдзе з пасербам, але жанчына прыйшла адна. Яны выпілі кавы і развіталіся назаўсёды. З героем аднаго з самых вядомых сваіх здымкаў аўтар не сустрэўся больш ніколі.

Калі з’явіліся лічбавыя фотакамеры, Роні не прызнаваў іх, а да канца жыцця здымаў на чорна-белую стужку. Пакрысе праз кіёчак, з якім ён быў вымушаны хадзіць, камера ўсё часцей заставался дома. Фатограф адышоў з гэтага свету ў верасні 2009-га года – яму не хапіла некалькіх месяцаў, каб адсвяткаваць 100-гадовы юбілей. У сваёй прамове прэзідэнт Нікаля Сарказі назаве Роні „цэнтральный фігурай гуманістычнай фатаграфіі, хранографам пасляваенных сацыялістычных імкненняў французаў і паэтам простых радасцяў жыцця”.

Дзяніс Дзюба для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары