«Бамбіць дзяцей нельга»: падлетак з сектара Газа вядзе жывую трансляцыю абстрэлаў з Ізраілю


Паводле 16-гадовай Фарах Бакер, яна стала сведкаю трох войнаў, аднак гэтая самая цяжкая.

Фарах Бакер вядзе блог пра вайну ў сектары Газа з 2012 года. Пасля таго, як яна апублікавала відэа, фота і аўдыёзапісы ізраільскіх абстрэлаў у рэальным часе, на дзяўчыну падпісаліся тысячы чалавек у «Тўітэры».

У адным са сваіх паведамленняў, якое рэтвітнула амаль 17 тысячаў чалавек, дзяўчына піша: «Я магла памерці сёння ўвечары».

Таксама ў твітах Фарах апісвае, як яе сям’я не можа пакінуць дом, перажывае бамбардаванне ды хаваецца ад абстрэлаў.





Ахвяры вайны ў Газе

Ад 7 ліпеня ізраільская армія праводзіць наземную антытэрарыстычную аперацыю «Непарушная скала» супраць Хамаса, прычынай якой паслужылі шматлікія парушэнні перамір’я з боку экстрымістаў, у тым ліку выкраданне і забойства траіх ізраільскіх падлеткаў. У выніку абвастрэння канфлікту з боку сектара Газа па Ізраілю было выпушчана каля 700 ракет, большасць з якіх былі збітыя ў паветры, альбо не дасягнулі мэтаў. Таксама вядома, што ісламісты хаваюць боепрыпасы ў жылых кварталах.

За гэты час загінулі каля 1300 палестынцаў. Ізраіль згубіў каля 56 чалавек, у асноўным гэта вайскоўцы.

ААН абвінавачвае Ізраіль у наўмысным забойстве мірных жыхароў у сектары Газа. У сераду ізраільскія ракеты ўпалі на школу ў горадзе Джабалія, дзе хаваюцца бежанцы. У выніку атакі загінулі па меншай меры 15 чалавек і больш за сто атрымалі раненні.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў