«Вельмі шмат тапельцаў сёлета ...лезуць у ваду, засмечваюць»


Адпачынак ля вады – адно задавальненне. Але добраўпарадкаванне пляжаў каля азёраў і рэк у купальны сезон – пытанне балючае. Асабліва, калі людзі застаюцца не толькі сам-насам, але і без кантролю.


{movie}Парадак – за грошы|right|17723{/movie}

ЖЫХАР ГОМЛЯ:
«Людзі навокал – а для нашага грамадства гэта вельмі натуральная з’ява – вельмі часта ў алкагольным ап’яненні. Дык вось – вельмі хацелася б, каб быў створаны платны, магчыма, пляж, што дазволіла б пазбавіцца такой з’явы».

Гэтая думка яшчэ летась з’явілася ў Гомельскім гарвыканкаме, а сёлета з траўня пачала ажыццяўляцца. На гэтак званым Абкамаўскім возеры – затоцы Сожа – прадпрымальнік перамог у тэндары на стварэнне добраўпарадкаванага пляжу. Адпачынак тут цягам дня каштуе сімвалічныя Br 10 тыс.

СЯРГЕЙ, АДМІНІСТРАТАР ПЛЯЖУ:
«Гэта зрабілі не толькі для таго, каб адсеяць некультурных, нявыхаваных асобаў, якія прыходзяць са сваймі напоямі, якія псуюць наваколле, засмечваюць, якія брыдкасловяць, але таксама і для таго, каб скампенсаваць працу тых, хто прыбірае, наводзіць тут штодня парадак».

На пляжы – прыбіральня і сметніцы. Ёсць кавярня. Адмыслова выдзеленае месца для плавання дзяцей. Ахвотныя таксама могуць узяць напракат катамараны, шэзлонгі. І з задавальненнем гэтым карыстаюцца.

ЖЫХАРЫ ГОМЛЯ:
«На гэтым пляжы акуратна, чыста».
«Вельмі добрая ідэя, а таксама магчымасць адпачыць амаль у самым цэнтры гораду».
«Гэта прынята ўва ўсім свеце, а вось да нас дайшло, на жаль, толькі цяпер. Але я лічу, што гэта толькі плюс».

Але некаторыя гараджане заўважылі і мінусы. Яны абвінавачваюць прадпрымальніка ў тым, што шмат у якіх іншых месцах на затоцы з’явіліся знакі аб забароне купацца. Сочыць за гэтым міліцыя, якая прапаноўвае адпачывальнікам бавіць час на платным пляжы. Праўда, прадпрымальнікі запэўніваюць: знакі – не іхная ініцыятыва.

СЯРГЕЙ, АДМІНІСТРАТАР ПЛЯЖУ:
«Вельмі шмат тапельцаў сёлета, людзі проста бяруць з сабою на прыроду вельмі шмат моцных алкагольных напояў, ужываюць іх, а потым лезуць у ваду, засмечваюць. Толькі таму міліцыя гэта кантралюе і выганяе іх з вады».

Паводле статыстыкі, восем з дзесяці тапельцаў былі нецвярозыя. Па-свойму, з гумарам, вырашылі змагацца з гэтым ратавальнікі, а ў Гомлі спадзяюцца, што ў развязанні гэтай праблемы дапаможа платны пляж. Затое бяспечны, культурны і… цвярозы.

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў