«Няма хлеба – трэба даць народу відовішчаў»


Эканаміст Леў Марголін лічыць арышт кіраўніцтва наваполацкага нафтаперапрацоўчага прадпрыемства «Нафтан» паказухай.

Следчы камітэт паведамляе пра чарговае гучнае затрыманне топ-менеджараў, уключна з намеснікам гендырэктара ААТ «Нафтан». Супрацоўнікі «Нафтана» ананімна распавялі «Радыё Свабода», што сярод затрыманых намеснік генеральнага дырэктара па матэрыяльным і тэхнічным забеспячэнні Сяргей Карась і тры ягоныя падначаленыя, а таксама асобы якія адказвалі за правядзенне тэндэраў.

Дзеянні падазраваных кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 424 («Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, гаворыцца ў паведамленні МУС Беларусі.

«Арыштаваць можна кожнага другога дырэктара або яго намесніка. Проста да ўсіх адразу рукі не даходзяць. Ну, і лаяльнасць. За лаяльнасць рэжыму дазваляюць трошкі красці. Садзяць часцей за ўсё тых, хто крадзе «не па чыну», альбо каму проста не пашанцавала. Прэзідэнцкая кампанія, ізноў жа. Няма хлеба – трэба даць народу відовішчаў», – тлумачыць арышты чыноўнікаў наваполацкага нафтаперапрацоўчага прадпрыемства эканаміст Леў Марголін.

«У нашай краіне да гэтага часу не правялі прыватызацыю ў адрозненне ад усіх іншых краін былога Савецкага Саюза, таму кіраўнікі прадпрыемстваў аддзеленыя ад уласнасці, якой кіруюць. А спакуса вельмі вялікая, – кажа эканаміст. – Таму кожны начальнік – і вялікі, і маленькі – спрабуе зарабіць на тым аб’екце, якім кіруе. З гэтага пункту гледжання характэрна, што новыя арыштанты – работнікі забеспячэння. Г.зн. да нафты і нафтапрадуктаў яны ніякага дачынення не маюць. Але маюць магчымасць атрымліваць адкаты з закупак абсталявання, матэрыялаў, запчастак і г.д., аддаючы перавагу тым ці іншым пастаўшчыкам», – адзначыў Леў Марголін.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў