Журналіст з Украіны: У Беларусі могуць стварыць лагеры для тэрарыстаў з Данбасу


Беларусь можа стаць не толькі пляцоўкай для перамоваў украінскіх уладаў і тэрарыстаў, але і нечым большым у вырашэнні збройнага канфлікту ва Украіне, піша ўкраінскі журналіст Тарас Паньё на сайце «Еспресо.TV».

Паводле журналіста, мэты перамоваў украінскіх уладаў з тэрарыстамі і прадстаўнікамі Расеі ў Менску мінімальныя – вызваленне 168 закладнікаў і допуск міжнародных экспертаў на месца падзення малайзійскага самалёта. Што ўкраінскі бок будзе прапаноўваць сепаратыстам наўзамен, пакуль невядома, але на асабліва вялікія бонусы сепаратыстам не варта разлічваць, адзначыў спадар Паньё. Тэрыторыя падзення лайнера праз некалькі дзён і так можа трапіць пад кантроль украінскіх жаўнераў, закладнікі ж могуць стацца дадатковым цяжарам для тэрарыстаў, а іхная смерць толькі пабольшыць віну і турэмныя тэрміны для сепаратыстаў.

«Сепаратысты – прынамсі іхная адэкватная частка, разумеюць, што справа, здаецца, прайграная, і поўнамаштабнага расейскага ўварвання ў Украіну, хутчэй за ўсё не будзе. У падобнай сітуацыі лагічна шукаць спосабы выйсці адносна сухімі з вады», – напісаў журналіст.

Адным з такіх спосабаў можа быць варыянт інтэрнавання тэрарыстаў у Беларусь, адкуль яны маглі б потым «больш ці менш легальна вярнуцца дадому».

Аляксандр Лукашэнка пры ўмове фінансавых бонусаў – ці ад Расеі, ці ад ЕЗ – мог бы згадзіцца на пабудову некалькіх лагераў для ўтрымання інтэрнаваных воінаў. Расейцаў адтуль з часам забралі б, а неабходная інфраструктура засталася б, адзначыў спадар Паньё.

Перамовы ў Менску выгадныя кіраўніку Беларусі, падкрэсліў журналіст. «Вечны просьбіт – для Расеі, і дыктатар-фрык – для Еўропы, Лукашэнка ператвараецца ў рэгіянальнага лідара, які, як ні круці, быццам спрыяе развязанню сур’ёзных праблемаў у суседзяў. Пры гэтым у яго ёсць не занадта вялікія, але ўсё ж козыры ў дыялогу як з ЕС, так і з Расеяй. І ўся цана гэтага – прынамсі на дадзены момант – магчымасць пагутарыць з незабыўным Леанідам Данілавічам (Кучмам – другім прэзідэнтам Украіны, якія з’явіцца на перамовы ў Менску – belsat.eu), павітацца з даўно знаёмым Зурабавым (Міхаіл Зурабаў – пасол Расеі ва Украіне, які мае быць на перамовах у Менску – belsat.eu), і паглядзець на пару-тройку «невядомых звяркоў» з ДНР-аўскага заапарку», заўважыў спадар Паньё.

МЯ, belsat.eu, паводле espreso.tv

Глядзі таксама
Каментары