У Менску збіраюцца давесці, што вышыванка вярнулася ў масавы ўжытак


Вышыванкі ці проста адзенне з народным арнаментам не часта ўбачыш на беларускіх вуліцах. Хоць попыт на яго відавочны, сцвярджаюць тыя, хто спрабуе не толькі папулярызаваць, але і зрабіць адметнае беларускае адзенне даступным. Як Павел Доўнар і Карына Адзясенка, што стварылі хатнюю вытворчасць сучаснага беларускага адзення “Гонар”.

{movie}Нацыянальная мода|right|17708{/movie}

КАРЫНА АДЗЯСЕНКА, АДЗЕННЕ «HONAR»:

“Прыязджаюць людзі, пра якіх я б ніколі не сказала, што яны хочуць насіць такое адзенне. Прыязджаюць вельмі багатыя бізнесоўцы, напрыклад. Прыязджаюць простыя прадавачкі якія-небудзь. Я не пытаюся ў кожнага: навошта вам гэта? Я бачу, як у іх гараць вочы, калі яны гэта бачаць”.

Хоць даступнасць такога адзення пакідае жадаць лепшага, пры ахвоце набыць яго ў майстроў ці нават у некаторых сталічных крамах – магчыма. Можа, не такое і вялікае зацікаўленне народным адзеннем, як кажуць майстры?

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Гэта вельмі прыгожае адзенне, мне яно падабаецца, але насіць… не ведаю, хіба толькі на якія святы нацыянальныя ці яшчэ з якой нагоды. А на кожны дзень – я лічу, што гэта не вельмі практычна”.

“Вельмі падабаецца і больш за тое, я скажу вам, што заўсёды на святы вялікія надзяваю нацыянальную вышыванку. У мяне нават іх цэлая калекцыя”.

“З задавальненнем насіла б, каб яно выглядала сучасна, гарманічна і прыгожа ды каб з лёну было, вядома ж”.

Стваральнікі адзення “Honar” уласна і спадзяюцца не толькі нагадаць людзям пра хараство нацыянальных матываў, але і змяніць уяўленне пра народнае адзенне, як пра штосьці выключна святочнае і непрактычнае. Увесці на вышыванку моду. Як ва Украіне, дзе адзенне з нацыянальным матывам стала адначасова сімвалам патрыятызму і адзінства нацыі.

ПАВЕЛ ДОЎНАР, АДЗЕННЕ «HONAR»:

“Класічную вышыванку – яе нельга надзяваць кожны дзень. Нашае адзенне мы намагаемся рабіць, каб яго можна было надзець штодня. Ты ў ім будзеш выглядаць не архаічна, а сучасна і ў той жа час пакажаш нейкія беларускія традыцыі”.

Праўда, дэманстраваць адданасць традыцыям у нашай краіне часцяком бывае цяжэй, чымся ў нашай паўднёвай суседцы. Гэтак, сёлета напрыканцы чэрвеня сталічныя ўлады не далі дазволу на перадкупальскае шэсце ў народных строях.

АЛЕГ ГРУЗДЗІЛОВІЧ, ЖУРНАЛІСТ РАДЫЁ «СВАБОДА»:

“У разуменні чыноўнікаў, яно з таго ж самага шэрагу, як нейкі пікет, як нейкая дэманстрацыя. Яны перастрахоўваюцца лішні раз. Думаюць, што раптам хтосьці падыме бел-чырвона-белы сцяг”.



Прабіцца праз чыноўніцкія падазрэнні паспрабуюць “Арт-Сядзіба” і радыё “Свабода”, якія акурат зрабілі некалькі соцень саколак з беларускім арнаментам. Напрыканцы жніўня яны паспрабуюць сабраць у сталічным парку Горкага людзей у нацыянальным адзенні.

ФРАНАК ВЯЧОРКА, ГРАМАДСКІ ДЗЕЯЧ:

“Каб усе, у каго ёсць такія кашулі з рознымі арнаментамі, малюнкамі ці розных фасонаў, каб яны сабраліся ў парку Горкага, каб абазначыць вось вяртанне вышыванкі ў масавы ўжытак”.



Падобная ініцыятыва – стварыць масавае і сучаснае адзенне з нацыянальным падляскім матывам – з’явілася і ў Польшчы. Моладзевы брэнд “Xoroshe” абяцае ўжо ў хуткім часе запрацаваць напоўніцу.

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў