Расея можа панесці страты амаль на € 100 млрд: Еўропа пашырае санкцыі


Значнае ўзмацненне так званых абмежавальных захадаў супраць Расеі, і ўпершыню – увядзенне так званых “сектарных” эканамічных санкцыяў разглядалі ў Бруселі ў межах паседжання сталых прадстаўнікоў краінаў – чальцоў Еўразвязу. Гаворка ідзе, найперш, пра абмежаванне доступу Расеі да рынкаў міжнароднага капіталу, пра эмбарга на гандаль зброяй і тэхнікаю падвойнага прызначэння, а таксама пра абмежаванне доступу Расеі да інавацыйных тэхналогіяў для энергетычнага сектару.

{movie}Еўропа пашырае санкцыі|right|17707{/movie}

Рашэнне ўзмацніць жорсткасць санкцыяў супраць Расеі, як сцвярджаюць крыніцы ў Еўразвязе, было ўжо фактычна прынятае пасля катастрофы авіялайнера кампаніі “Малэйжа Эйрлайнз”, што, як мяркуецца, быў збіты ракетаю над украінскай тэрыторыяй, якую кантралююць прарасейскія сепаратысты. З моманту катастрофы за дзеяннямі расейскіх узброеных сілаў на мяжы з Украінаю не менш уважліва сочаць у ЗША.

ТОЎНІ БЛІНКЕН, ДАРАДЦА ПРЭЗІДЭНТА ЗША ПА БЯСПЕЦЫ:
“Расея павялічыла пастаўкі цяжкага ўзбраення праз мяжу, мы бачылі канвоі танкаў, рэактыўных сістэмаў залпавага агню, артылерыі ды бронетэхнікі. Існуюць доказы, што яна рыхтуецца даставіць яшчэ больш магутныя сістэмы залпавага агню. Ідуць абстрэлы Украіны з тэрыторыі Расеі”.

Тры дні таму чорны спіс неўязных у Еўразвяз папоўнілі кіраўнікі ФСБ і Службы замежнай выведкі Расейскай Федэрацыі, а таксама прэзідэнт Чэчні ды прадстаўнікі дзвюх крымскіх энергетычных кампаніяў. Новыя санкцыі, якія фармальна мусяць яшчэ зацвердзіць урады краінаў ЕЗ, закрануць непасрэдна эканоміку.

ДЖОН КЕРЫ, ДЗЯРЖСАКРАТАР ЗША:
“Мы і нашыя еўрапейскія партнёры зробім дадатковыя захады і ўвядзем шырэйшыя санкцыі на вызначальныя сектары расейскай эканомікі, калі гэта трэба. Мы спадзяемся, што гэта не будзе неабходна, але калі Расея працягне ісці такім шляхам, то яна сыдзе з міжнароднай супольнасці без магчымасці выбару”.

Новыя санкцыі адчуюць адразу пяць сектараў расейскай эканомікі, уключаючы магчымае эмбарга на пастаўкі ўзбраення, абмежаванне экспарту “адчувальных тэхналогіяў” і нафтагазавага абсталявання. Расеі ўскладняць крэдытаванне на еўрапейскім фінансавым рынку і абмяжуюць доступ да новых тэхналогіяў. Згодна з брусельскім выданнем “EU-Оbserver”, у выніку ўвядзення санкцыяў да канца 2015 года Расея панясе страты амаль на € 100 млрд.

За ўсё ў жыцці трэба плаціць! Кожнаму чалавеку і кожнай краіне. Расея заплаціць – не толькі міжнароднаю рэпутацыяй, ад якой апошнім часам ужо амаль нічога не засталося, але рэальнымі грашыма. Хто ж заплаціць € 100 млрд за імперскія амбіцыі гаспадароў Крамля? Спачатку шараговыя расейцы. Потым, праўда, яны таксама могуць выставіць уладам свой, але ўжо палітычны рахунак.

Алесь Сіліч, “Аб’ектыў”, Брусель, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары