Бацькі хаваюць дачок – баевікі «Ісламскай дзяржавы» зладзілі шлюбнае агенцтва


Кіраўніцтва самаабвешчанай на Блізкім Усходзе «Ісламскай дзяржавы» вырашыла паклапаціцца не толькі пра духоўныя, але і пра цялесныя патрэбы сваіх жаўнераў. У сірыйскай правінцыі Алепа паслядоўнікі непрызнанага халіфату адкрылі шлюбную кантору, мэта якой – вышукваць жонак для баевікоў, якія называюць сябе «воінамі Алаха».

«Задача гэтай канторы – забяспечыць лёс незамужніх і ўдоваў, якія хочуць выйсці замуж за байцоў «Ісламскай дзяржавы». Супрацоўнікі шлюбнага бюро запісваюць дадзеныя жанчын, уключна з іхнымі імёнамі і адрасамі, пасля чаго перадаюць анкеты баевікам, якія дамаўляюцца аб заручынах», – цытуе паведамленне Сірыйскага цэнтру маніторынгу выканання правоў чалавека сайт newsru.co.il.

Тэрарыстам і іхным жонкам бюро дае магчымасць адправіцца ў вясельнае падарожжа па «халіфаце». Аўтобусы для маладажонаў пад чорнымі сцягамі «Ісламскай дзяржавы» ездзяць з захопленага ісламістамі сірыйскага гораду ар-Рака ў іракскую правінцыю Інбар, якую таксама кантралююць баевікі гэтай групоўкі.

Раней паведамлялася пра спробы ісламісцкіх баевікоў з Іраку знайсці сабе жонак на захопленых тэрыторыях. Брытанскае выданне «Independent» пісала пра жыхара іракскага гораду Байджы, паводле аповеду якога, баевікі заходзяць у хаты і пытаюць пра незамужніх дзяўчат. Яны тлумачаць, што шмат якія ўдзельнікі групоўкі халастыя і хочуць знайсці сабе жонку. Пры гэтым тэрарысты патрабуюць паказаць ім пасведчанне асобы напатканай жанчыны, каб праверыць ейнае сямейнае становішча.

Між тым жыхаркі захопленых ісламістамі тэрыторыяў не спяшаюцца выходзіць за іх замуж. Праваабаронцы паведамляюць, што баевікі нярэдка выкрадаюць незамужніх жанчын, каб з імі ажаніцца. Таму іракцам даводзіцца ўсё часцей хаваць дачок.

Чытай такасама: Савецкая тэхніка на парадзе ў гонар джыхаду (відэафакт)



МЯ, belsat.eu, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў