Ноч выбухаў у сектары Газа. Абстраляны дом лідара Хамасу


Ізраільская армія аднавіла нанясенне артылерыйскіх і паветраных удараў па пазіцыях тэрарыстаў на поўначы сектара Газа. У выніку новых нападаў загінулі па меншай меры 17 палестынцаў, у тым ліку 4 дзяцей.

Ізраільскія войскі ў ноч на аўторак моцна абстралялі Сектар Газа. За ноч атакаваныя 150 мэтаў, у тым ліку разбураны дом былога прэм’ер-міністра Палестынскай аўтаноміі і аднаго з лідараў Хамас Ісмаіла Ханія. Факт разбурэння дому пацвердзіў сын Ханія ў «Facebook’у», але дадаў, што ўнутры нікога не было.

У адказ на напады ХАМАС выпусціў у бок Ізраіля тры ракеты. Адна была перахоплена ў ваколіцах гораду Ашдод, дзве ўпалі каля Рышон ле-Цыён, непадалёк ад Тэль-Авіву.

Цягам 22 дзён узброенага канфлікту загінулі амаль 1100 палестынцаў, у асноўным мірных жыхароў. Ізраіль згубіў 48 вайскоўцаў і трох грамадзянскіх асобаў.

Прэм’ер Ізраіля Беньямін Нетаньяху заявіў, што армія будзе працягваць наземную аперацыю пакуль не дасягне заяўленай мэты – знішчэння сеткі падземных тунэляў, якія будуюць палестынскія баевікі. Палітык дадаў, што яго краіна павінна быць гатова да доўгай кампаніі, а любое рашэнне крызісу запатрабуе дэмілітарызацыі палестынскай тэрыторыі.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары