«Працаўнік міліцыі пагражаў, што заб’е, а баявую кулю спіша»


Суд над Ірынаю Моцнаю, ужо былою выхавацелькаю клімавіцкага дзіцячага дому сямейнага тыпу, другі раз перанеслі. Прычына – матэрыялы справы аказаліся чамусьці не ў Клімавічах, а ў Магілёве.

{movie}Без права на надзею? |right|17692{/movie}

НАТАЛЛЯ ШКАДУН, МАГІЛЁЎСКІ ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР:
«Запіс Ірына Уладзіміраўна пакінула ў кнізе скаргаў і прапановаў РУУС пра тое, што ёй не далі магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі справы аб адміністратыўным правапарушэнні. Спрабаваць вывучыць матэрыялы справы да паседжання яна, натуральна, будзе».

Пакараць былую прыёмную маці шасцёх дзяцей мясцовыя ўлады хочуць за нібыта самаўпраўства. Маўляў, пасля рашэння райвыканкаму аб расфармаванні прытулку кабета не хацела аддаваць дзяцей дзяржаве.

У мінулую пятніцу Ірыну і двух ейных сыноў затрымалі працаўнікі міліцыі. Мэта тая ж – забраць дзяцей. Гэтае відэа, якое Моцныя запісалі на мабільны тэлефон, гаворыць самое за сябе – міліцыянты дзеялі надзвычай жорстка.

ІРЫНА МОЦНАЯ, МАЦІ-ВЫХАВАЦЕЛЬКА:
«Вось гэта ад рук аднаго з міліцыянтаў. Як мне ні сумна, гэта мой былы вучань, Кухараў Саша. Адзін з маіх улюбёных вучняў. Я была ягоным класным кіраўніком. Вось ён так мяне цягнуў па зямлі».

Пасля затрымання жанчыну і ейных сыноў да вечара пратрымалі ў міліцыі. На рукі 19-гадовага Віталя надзелі кайданкі. Сляды ад іх захаваліся да сёння. Былі і пагрозы.

ВІТАЛЬ МОЦНЫ, СЫН ІРЫНЫ:
«Сашу, напрыклад, адзін з працаўнікоў міліцыі пагражаў тым, што адвядзе яго ў іншы пакой, заб’е, а кулю спіша баявую. І ўсё».

Апошнія падзеі для сям’і Моцных – працяг трагічнага ланцужка, які распачаўся са смерці мужа Ірыны ў траўні ды цягнецца дагэтуль. Натуральна, у сямнаццацітысячным райцэнтры справа зачыненага са скандалам прытулку атрымала шырокі рэзананс. Хто ж, паводле жыхароў Клімавічаў, мае рацыю?

ЖЫХАРЫ КЛІМАВІЧАЎ:
«Дзеці ж ужо прызвычаіліся да гэтай сям’і. І я думаю, больш за ўсё шкада дзяцей».

«Шкада, калектыў, як кажуць, быў добры, з’яднаны. А цяпер усё распалася».

«І раз прыязджалі іх забіраць, і другі раз забіраць, і МНС прыходзіла, тут стаялі».

Дамагчыся праўды цяпер Ірыне гатовыя дапамагчы магілёўскія праваабаронцы. Скаргі датычаць як самой ліквідацыі дзіцячага дому, гэтак і гвалтоўнага затрымання Ірыны Моцнай.

НАТАЛЛЯ ШКАДУН, МАГІЛЁЎСКІ ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР:
«Напісаныя ўжо звароты ў інстанцыі, шьл маюць разабрацца з асобамі, якія дапусцілі гэтыя парушэнні, чаму гэта ўвогуле магчымае ў цывілізаваным грамадстве, і прыняць захады, каб такіх парушэнняў не было».

Наступнае паседжанне Клімавіцкага суда ў справе Ірыны Моцнай прызначалася на заўтра, аднак з’явіцца на яго былая выхавацелька не зможа праз стан здароўя: пастаянны стрэс спрычыніўся да абвастрэння цукровага дыябету і гіпертаніі. Самая ж кабета разумее, што незалежна ад рашэння суда, былое жыццё ў шчаслівай вялікай сям’і і так ужо ніколі не вернецца.

Алесь Яшчанка, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары