100 гадоў таму распачалася адна з самых маштабных і кровапралітных войнаў у гісторыі чалавецтва


100 гадоў таму распачалася адна з самых маштабных і кровапралітных войнаў у гісторыі чалавецтва. Роўна праз месяц пасля забойства спадкаемцы трону Франца Фэрдынанда Аўстра-Вугоршчына абвесціла вайну Сербіі. За тую заступілася Расея… У выніку ў вайсковыя дзеянні аказаліся ўцягнутыя больш за 30 дзяржаваў свету, у якіх жылі 75 % насельніцтва Зямлі. Беларускія землі падзяліла лінія фронту.

{movie}Ці павучальны ўрок гісторыі? |right|17691{/movie}

АЛЯКСАНДР СМАЛЯНЧУК, ГІСТОРЫК:
«У раёне возера Нарач яна праходзіла і стаяла гэтая лінія фронту да пачатку 1918 года. У выніку краіна была разбураная, масава праводзілася высяленне людзей, бежанства. Таму, што на пачатку вайны расейскія ўлады праводзілі тактыку выпаленай зямлі».

Нямеччына здолела акупаваць толькі чацвертую частку Беларусі. І на гэтым перанесла асноўныя баявыя дзеянні на іншыя франты.

Практычна ў гэты ж час пачалі распадацца імперыі, якія і ініцыявалі вайну. Арабскае паўстанне прывяло да знікнення Асманскай імперыі. Ужо праз год знікне Расейская. Вызвольны рух прывядзе да падзення Аўстра-Вугорскай. Апошняю знікне і Нямецкая. Разам з тым знікаюць і кааліцыі, якія распачыналі вайну: Антанта і Цэнтрысцкі саюз. Перамагае нацыянальны рух, пачынаюць заяўляць пра самастойнасць новыя дзяржавы. Сярод іх была і Беларуская Народная Рэспубліка. Праўда, незалежнасці дабіцца не ўдалося, але гэты крок быў найважнейшы ў нашай гісторыі, лічаць адмыслоўцы.

АЛЯКСАНДР СМАЛЯНЧУК, ГІСТОРЫК:
«Беларускі народ падчас гэтай вайны заявіў пра сваё права на самастойную незалежную дзяржаву. І імкнуўся праз сваіх дзеячаў, нацыянальную эліту гэтае права зрэалізаваць. На жаль, не атрымалася да канца. Але без БНР не было б БССР і не было б хіба Рэспублікі Беларусь».

Гэтую «Вялікую ці Еўрапейскую вайну» толькі ў 1939 годзе назвалі Першаю сусветнаю. Працягвалася яна 4 гады і 3 месяцы, а яе ахвярамі сталі дзясяткі мільёнаў асобаў. Але і гэта не стала ўрокам. Ужо праз 21 год распачалася яшчэ больш крывавая Другая сусветная вайна. Але ці засвоеныя гэтыя два ўрокі? Усё часцей гісторыкі праводзяць сённяшнія падзеі вакол Украіны з падзеямі 75-гадовай даўніны.

АЛЯКСАНДР СМАЛЯНЧУК, ГІСТОРЫК:
«З Другой сусветнай вайной, з канцом 1930-ых гадоў паралелі відавочныя, у тым ліку і пазіцыя Еўропы, якая ў тыя часы фактычна судзеяла агрэсару, хоць і займала такую дэмагагічна варожую пазіцыю ў дачыненні Трэцяга райху, але давала фактычна магчымасць дзейнічаць фашыстам».

Дзве сусветныя вайны цягам аднаго стагоддзя прывялі да заняпаду і паставілі чалавецтва на мяжу існавання. Цяпер жа, з развіццём вайсковага патэнцыялу, гаворка можа весціся пра канчатковае знішчэнне не толькі апанентаў, але і ўсёй планеты.

Сяргей Скулавец, «Аб’ектыў»

Глядзі таксама
Каментары