У Пакістане ўчынілі пагром з-за паста ў «Facebook'у»


Падчас закалотаў загінулі тры чалавекі з рэлігійнай групы ахмадытаў.



Прычынай трагедыі паслужыла сварка паміж двума маладымі людзьмі, адзін з якіх – суніт – абвінаваціў свайго суразмоўцу, ахмадыта, ў блюзнерстве, – той нібыта напісаў пост у сацыяльнай сетцы, які можа абражаць прарока Мухамэда.



Праз некалькі гадзінаў пасля сваркі ў інтэрнэце натоўп сунітаў распачаў пагромы ў пакістанскім горадзе Гуджранўаля, падае «Radio Free Europe». Суніты ўрываліся ў дамы ахмадытаў, збіваючы людзей і падпальваючы іхнае жытло. Як паведамілі відавочцы, паліцыя бяздзейнічала, а асобныя супрацоўнікі нават бралі ўдзел у марадзёрствах.

Падчас пагромаў загінулі тры чалавекі з рэлігійнай групы ахмадытаў – пажылая жанчына і дзве ейныя ўнучкі. Аўтара паста ў «Facebook’у» натоўп так і не знайшоў.

Рух ахмадытаў, які ўзнік ў канцы XIX стагоддзя ў Індыі, называюць сектай. Яе заснавальнік Мірза Гулам Ахмад сцвярджаў, што з’яўляецца ўвасабленнем ўсіх мусульманскіх прарокаў, а таксама Хрыста і Крышны. Сама рэлігійная дактрына ахмадытаў ўяўляе сабой мудрагелістую сумесь хрысціянства, ісламу і індуізму. Вернікі адносяць сябе да мусульманаў, хоць ісламскія багасловы называюць іх ерэтыкамі.

У 1984 годзе ў Пакістане быў прыняты адмысловы закон, у якім гаворыцца, што ахмадыты не ёсць мусульманамі. Яны часта становяцца ахвярамі фанатыкаў, да прыкладу, падчас пагрому 4 гады таму загінулі 86 чальцоў ахмадыцкай грамады.

МЯ, belsat.eu, паводле rferl.org, korrespondent.net

Стужка навінаў