Дзень Незалежнасці, які не святкуюць афіцыйна: 24 гады таму Беларусь набыла суверэнітэт


Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце прыняў 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ўваходзіла ў склад СССР. З 1991 да 1996 года да гэтай даты было прымеркавана галоўнае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці.

Дэкларацыя аб суверэнітэце абвясціла поўную незалежнасць БССР, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцтва яе законаў і незалежнасць у вонкавых адносінах. У жніўні 1991 года дэкларацыя атрымала статус канстытуцыйнага закону, на падставе якога былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю БССР 1978 года.

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб назве краіны, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка – бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня.

У снежні 1991 года ў беларускіх Віскулях кіраўнікі Беларусі, Расеі і Украіны скасавалі дамову 1922 года аб утварэнні СССР. Новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прынялі 15 сакавіка 1994 года.

Летам 1994 года ў Беларусі прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары. Перамогу на іх атрымаў малады палітык, дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка. Праз год, 14 траўня 1995-га, у краіне прайшоў ініцыяваны ім рэферэндум, па выніках якога была зменена дзяржаўная сімволіка, а расейская мова атрымала статус другой дзяржаўнай.

З 1991 да 1996 года галоўнае нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці Беларусі – адзначалася 27 ліпеня і прымяркоўвалася да даты прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Дату гэтага свята змянілі па выніках яшчэ аднаго рэферэндуму, праведзенага 24 лістапада 1996 года. Дзень незалежнасці перанеслі на 3 ліпеня – дзень вызвалення Менску ад нацысцкіх захопнікаў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў