Ва Украіне за 1 дзень хацелі забіць двух мэраў


У мэра Крамянчуга (Палтаўская вобласць) сёння стралялі з аўтамабіля. Дом главы Львова абстралялі з гранатамёта.

Мэр Крамянчуга Алег Бабаеў памёр на месцы. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў «Facebook‘у» дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка.

Сёння раніцаю кіраўнік гарадской адміністрацыі Крамянчуга апрануў спартовы касцюм, узяў мех са смеццем, сеў у машыну і выехаў са свайго дому ў прыватным сектары. Праз некаторы час ён спыніўся – хутчэй за ўсё, каб выкінуць смецце. Магчымаю прычынай магло быць і тое, што яго падрэзаў аўтамабіль ВАЗ-2108, з якога ў гарадскога галаву было зроблена тры выстралы са зброі з глушыцелем, паведамляе «ТСН».

Алегу Бабаеву было 48 гадоў. Пасаду гарадскога галавы ён займаў з 2010 года. На выбарах мэра ён балатаваўся ад партыі «Батьківщина», але заняўшы пасаду, выйшаў з яе, патлумачыўшы, што кіраўнік гарадской адміністарцыі не павінен залежаць ад палітычных партыяў.

Сёння ж уначы невядомыя абстралялі дом львоўскага мэра Андрэя Садавога. Ніхто не пацярпеў, паколькі сям’я з’ехала на выходныя. Мяркуецца, што злачынцы стралялі з гранатамёта.

Андрэй Садавы з жонкаю выхоўваюць пецярых сыноў. Ён узначальвае партыю «Аб’яднанне “Самапомач”», валодае некалькімі прадпрыемствамі. На пасадзе мэра — з 2006 года.

МУС Украіны не выключае, што злачынствы будуць кваліфікаваныя не як «забойства» і «спроба забойства», а як «тэракты».

АК, belsat.eu, паводле tsn.ua, unian.ua

Стужка навінаў