МВФ пагоршыў прагноз росту беларускай эканомікі


Міжнародны валютны фонд перагледзеў прагноз росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі. Паводле ліпеньскай ацэнцы, у 2014 годзе рост ВУП складзе 0,9% супраць 1,6% паводле красавіцкай ацэнцы.

«Працягнецца павольны эканамічны рост і захаваецца ўстойлівы вонкавы дысбаланс, рызыкі высокія і змешчаныя ў бок пагаршэння», — гаворыцца ў паведамленні МВФ.

Эксперты фонду звяртаюць увагу, што попыт у Расеі, якая з’яўляецца асноўным рынкам для беларускіх тавараў, застанецца слабым, а ўнутраны попыт на беларускую прадукцыю запавольваецца.

Як паведамляў Белстат, у першым паўгоддзі прырост ВУП склаў 1,2%.

На думку экспертаў фонду, інфляцыя ў Беларусі сёлета складзе 16% (факт за першае паўгоддзе — 10,2%). Таксама на высокім узроўні яны ацэньваюць дэфіцыт бягучага рахунку плацежнага балансу краіны ў 2014 годзе — на ўзроўні 8,75 % ВУП праз «слабы вонкавы попыт, нізкую канкурэнтаздольнасць, а таксама праз тое, што захады эканамічнай палітыкі, што застаецца занадта мяккаю».

Фонд рэкамендуе ўладам Беларусі «прыняць рашучыя захады», скіраваныя на паглыбленне рэформаў, што дазволіць устараніць перашкоды «на шляху больш высокага і ўстойлівага росту».

Эксперты фонду выказваюць заклапочанасць, што ў Беларусі да апошняга часу назіраліся высокія тэмпы крэдытавання. На думку МВФ, рост заработнай платы павінен быць узгоднены з тэмпамі павышэння прадукцыйнасці працы, «каб пазбегнуць росту інфляцыі і аднавіць канкурэнтаздольнасць».

Акрамя таго, фонд рэкамендуе спыніць валютныя інтэрвенцыі і забяспечыць гнуткасць курсавой палітыкі, што садзейнічала б умацаванню канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі на вонкавых рынках.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Стужка навінаў