Апошнім часам зрабілася мне, шчыра кажучы, вельмі сумна, падаецца таму, што споўнілася шэсць, а святкаваць з сябрамі гэты дзень не атрымалася – улетку шмат хто куды едзе, дык вось і мае сябры на месцы не затрымліваюцца. Матуля выдумляла гульні, каб развесялиць мяне, прапанавала скакаць у нейкія “гумкі” з яе “савецкага” дзяцінства, але ж гэта нудная справа – увесь час скакаць з адной толькі мэтай – не зачапіцца. “Вось моладзь, вам бы толькі экшэн!” – кажа мама.
Вырашыла, буду займацца дарослаю справай і вывучаць гісторыю. Пажадана, каб у будучыні я стала ветэрынарам, але ж кожнаму ветэрынару (ці іншаму лекару) не перашкодзіць быць разумным і тлумачыць сваім пацыентам падчас агляду, адкуль нашыя хваробы паходзяць і як з імі жылі ў іншых стагоддзях. Дзеля гэтага ж трэба ўвогуле ведаць, хто жыў у іншых стагоддзях!
Дык вось за такім, як кажа мама, “гістарычным экшэнам” паехалі мы пагуляць у (П)Ружаны. Назвы гэтых дзвюх месцаў я блытаю ўвесь час, таму буду па магчымасці казаць пра іх адным словам.
Гэты “палацык” пабудавалі сто пяцьдзясят гадоў таму. Праектаваў яго італьянскі архітэктар, а дагэтуль тут знаходзілася драўляная пабудова, якая спачатку належала аднаму графу. Граф гэты добра служыў імператрыцы Кацярыне II, падавіў паўстанцаў Касцюшкі (паўстанцы – людзі, якія з чымсьці нязгодныя і нешта хочуць змяніць у сваім жыцці і жыцці іншых людзей). Не разумею я гэтых “гістарычных” падарункаў.
Мой старэйшы стрыечны брат вельмі здзівіўся: дзе горад? Маці з бабуляй яму тлумачаць: “Горад вельмі маленькі, невялічкая плошча, касцёл ды царква і прыватныя хаткі – гэта і ёсць горад.” Вось сталічнае дзіця, не ведае, што гарады зусім маленечкія бываюць!
Мэта нашай вандроўкі, – кажа маці, – тое, што дзецям заўсёды падабаецца. А падабаюцца нам месцы, сярод якіх добра бегаць ды скакаць. Дык вось, які ён – замак без рэстаўрацыі! Уваходны будынак – сучасны, там зараз музей, але мы яго хуценька мінулі. Да нас адразу падышлі мясцовыя хлапчукі, і падзяліліся, што яны могуць нам зрабіць экскурсію і расказаць пра замак. Больш аніякіх гідаў мы не заўважылі, і пагадзіліся. “Трэба моладзі дапамагаць рабіць добрыя справы”, – кажа мама.
Неверагодна, але гэтыя цэгліны ды руіны з’явіліся вялікай каштоўнасцю. Калісьці тут жыў палітычны дзеяч Леў Сапега, і было гэта так даўно, што нават не хопіць мне ведаў, каб выказаць здагадку, якая з маіх прабабуляў з ім магла сябраваць. Паводле адной з легендаў, у Сапегі было дзве дачкі – як я і мая сястра, – імёны якіх Анна ды Ружа, таму і назва гораду – Ружаны. Хлопцы-гіды паказалі нам пакой, дзе раней быў кабінет Сапегі і ён падпісваў там важныя “статуты”. Падаецца, каб пра цябе ўспаміналі продкі, трэба падпісваць добрыя рэчы, ці будзе на небе сорамна.
Выходзілі мы з нашых лабірынтаў, і заўважылі невялікую старую хатку сапегаўскіх суседзяў. Калі прыязджаеш, адразу нічога не бачыш акрамя замка, бо, як кажа маці, вока “замылілася”. Падышла да нас бабуля і прапанавала хатнюю маліну па коштах не малых. “Яны ўсё замежнікаў чакаюць, бо ведаюць, што чужаземцы больш грошаў маюць ды больш шануюць гісторыю краіны, пра якую даведаюцца. Але ж і пра радзіму нашу ў шматлікіх краінах у добрым выпадку нешта чулі, а звычайна блытаюць нас з афрыканскай якой Зімбабвэ ці Бельгіяй, бо на “Б”, – заўважыла матуля. Маліну мы не набывалі, вырашылі самі ў лесе, ці ў нашай бабулькі пазбіраць. Калі сам збіраеш з куста і адразу не ў вядзерца, а з’ясі, дык удвая смачнее ягада падаецца!
Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu