На прэзентацыю кнігі Бахарэвіча некаторыя адмыслова прыйшлі ў вышыванках


Новая кніга Альгерда Бахарэвіча паўстала з эсэ, якія аўтар напісаў пасля свайго вяртання з Нямеччыны, дзе ён жыў і працаваў 6 гадоў. Ягоныя развагі пра розныя праявы беларускай рэчаіснасці выклікалі вялікую зацікаўленасць чытачоў – гэтак можна меркаваць з прэзентацыі. Кніга пад назвай «Ніякай літасці Альгерду Б.». І ў гэтым ёсць пэўны самапаўтор – адзін з ранейшых зборнікаў апавяданняў Бахарэвіча зваўся «Ніякай літасці Валянціне Г.».

«Там уся мая нянавісць, увесь мой крытыцызм, былі накіраваныя вонкі, – падкрэсліў Альгерд Бахарэвіч.Гэтая кніжка, якую я сёння прэзентую, гэта хутчэй спроба разабрацца з самім сабой, крытычна ацаніць сябе. Падзагаловак яе – «Тэксты пра сваё», уся яна прысвечана праявам беларускага жыцця, там шмат аўтабіяграфічнага».

Эсэ Бахарэвіча з’яўляюцца штотыдзень на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі», уласна, з іх і складаецца кніга. Апошняя калонка аўтара, дзе ён крытычна выказаўся пра моду на беларускія вышыванкі, літаральна скалынула інтэрнэт. Таму некаторыя адмыслова адзелі народныя строі да гэтай прэзентацыі.

«Адразу з’явілася неадольнае жаданне апрануць вышыванку, – заўважыў пісьменнік Павел Касцюкевіч. – З гледзішча чыста эстэтычнага гэта вельмі моцныя калонкі, як літаратура, як кліч «Наперад!», як супрацьпастаўленне».

Прэзентацыі кнігі «Ніякай літасці Альгерду Б.» пройдуць увосень і ў іншых гарадах Беларусі. Тым часам Альгерд Бахарэвіч ужо сканчае свой новы раман, які пабачыць свет у лістападзе.

Сяргей Будкін для «Навінаў культуры», belsat.eu

Стужка навінаў