Турэмнікі лічаць, што Статкевіч схільны... да захопу закладнікаў


«Днямі са мной праводзілі гутарку два маёры. Адзін паведаміў, што я з’яўляюся афіцыйна «схільным да ўцёкаў і нападу» (пра што даўно ведаю), а таксама «да захопу закладнікаў» (пра што не ведаў). Шчыра захапляюся мужнасцю гэтых маёраў – адны ў пакоі з такім страшным чалавекам», – напісаў палітык у лісце да жонкі, Марыны Адамовіч.

Марына Адамовіч называе такія абвінавачванні «тэатрам абсурду». «Але ж яны маюць абсалютна рэальныя наступствы, якія абцяжарваюць жыццё зняволенага, пагаршаюць умовы яго існавання. Працягваюцца праблемы з ліставаннем, якія знянацку абвастрыліся – канфіскоўваюць ліст за лістом, адбываюцца нейкія іншыя дробныя правакацыі», – гаворыць жонка зняволенага палітыка.

Паводле яе, улады спрабуюць выбіць з Міколы Статкевіча прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Аднак экс-кандыдат на прэзідэнта прынцыпова адмаўляецца гэта рабіць.

«Чым больш «авансаў» і «пазітыўных сігналаў» бачаць еўрапейцы, тым большае жаданне ўладаў «вырашыць праблему палітвязняў» павадле свайго сцэнару – праз прашэнні», – зазначыла Марына Адамовіч.

МЛ, паводле statkevich.org

Стужка навінаў