Санкцыі і цяпер, і пасля


Санкцыі супраць Расеі пашыраюцца. Еўразвяз дадаў у чорны спіс яшчэ 18 расейскіх кампаніяў і 15 асобаў. Прыняцце ж самых жорсткіх штрафных захадаў у цэлых сектарах расейскай эканомікі абмяркуюць на наступным тыдні.

{movie}Санкцыі і цяпер, і пасля|right|17636{/movie}

Найбольш спрэчак сярод прадстаўнікоў Еўразвязу выклікае пастанова аб забароне паставак у Расею высокатэхналагічных тавараў і ўзбраення. Вялікая Брытанія крытыкуе Францыю за дамову аб продажы Расеі верталётаносцаў класу “Містраль”, Парыж у сваю чаргу, дакарае Лондан, што той сам узбройвае Расею.

ЛЁРАН ФАБ’ЮС, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ФРАНЦЫІ:
“Мусіць быць дадатковы ціск на Расею, мы ўсе кажам пра гэта, таму кожны мусіць рабіць тое, што яму належыць. Гэта адна з прычынаў, чаму мы не можам ігнараваць факт таго, што ў Лондане шмат расейскіх алігархаў. Таксама вашыя калегі-журналісты ўчора напісалі, хаця я яшчэ не спраўджваў гэтую інфармацыю, што Брытанія мае 250 дазволаў на экспарт ўзбраення ў Расею”.

Эфектыўныя санкцыі балюча ўдараць па Расеі, але і рыкашэтам трапяць у эканоміку краінаў Еўразвязу.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:
“Таму Еўропа ўсяляк зацягвае гэтае пытанне, усяляк хоча вырашыць яго дыпламатычнымі сродкамі, і таму не спяшаецца ўслед за ЗША ўводзіць такія моцныя эканамічныя санкцыі”.

Але пакуль дыпламатыя не прыносіць плёну. Прадстаўнікі выведкі Злучаных Штатаў сцвярджаюць, што Расея працягвае дасылаць баевікам ва Украіну ракеты, танкі ды іншае складанае ўзбраенне. У такой сітуацыі ўмоваў для дыялогу няма, лічыць афіцыйная Варшава, а таму польскі прэм’ер заяўляе аб неабходнасці хуткага ўвядзення больш жорсткіх санкцыяў.

РАДОСЛАЎ СІКОРСКІ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ПОЛЬШЧЫ:
“У нас ёсць што губляць у выніку санкцыяў, але прэзідэнт Пуцін не пакідае нам іншага выбару. Я думаю, што збіццё малайзійскага самалёта стала апошняй кропляю”.

Прэзідэнт жа Літвы Даля Грыбаўскайце заявіла, што Вільня акрамя планаваных агульнаеўрапейскіх увядзе ў дачыненні Расеі яшчэ і свае нацыянальныя санкцыі. І такой магчымасцю, паводле рашэння Еўразвязу, можа самастойна скарыстацца кожная еўрапейская краіна.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў