Украінскі ўрад падаў у адстаўку


Арсень Яцанюк абвясціў аб сваім сыходзе з пасады прэм’ер-міністра Украіны, паведамляе «Українська правда». Такое рашэнне Яцанюк прыняў у сувязі з развалам парламенцкай кааліцыі «Еўрапейскі выбар».

{movie}Выступ экс-кіраўніка ўкраінскага ўраду|right|17623{/movie}

«У выпадку, калі няма новай кааліцыі, а дзеючая кааліцыя ў парламенцка-прэзідэнцкай рэспубліцы распалася, ўрад і прэм’ер-міністр абавязаны падаць у адстаўку. Я заяўляю аб адстаўцы ў сувязі з распадам кааліцыі і блакаваннем урадавых ініцыятыў», – заявіў ён.

Раней паведамлялася аб тым, што партыі «Свабода» і «УДАР» абвясцілі аб выхадзе з парламенцкай кааліцыі. Распад кааліцыі дасць прэзідэнту Украіны магчымасць распусціць парламент і прызначыць датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду (ВР).

Спікер ВР Аляксандр Турчынаў раскрытыкаваў рашэнне фракцый. Паводле яго слоў, дэпутаты маглі б спачатку прагаласаваць за ўрадавыя змены ў бюджэт і Падатковы кодэкс. «Я разумею, што такім чынам спрабуюць сарваць урадавыя законы», – заявіў украінскі палітык.

Кааліцыя «Еўрапейскі выбар» сфармавалася адразу пасля змены ўлады ўва Украіне ў канцы лютага 2014 года. У яе ўвайшлі 250 дэпутатаў з фракцый «Бацькаўшчына», «УДАР», «Свабода» і некалькіх дэпутацкіх групаў.

Неабходны мінімум для прыняцця рашэнняў ва ўкраінскім парламенце складае 226 галасоў.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў