Замест «свайго» Крыму і Абхазіі расейцы абіраюць Беларусь


Турыстычная плынь з Расеі ў Беларусь сёлета вырасла на 15-20 %. У Крым расейскія тураператары сёлета прадалі ў два разы менш пуцёвак, чымся летась.

Расейская Асацыяцыя тураператараў апублікавала аналітычны матэрыял пра самыя папулярныя турыстычныя маршруты сярод расейцаў. Асноўнаю прычынаю байкоту крымскіх курортаў адмыслоўцы называюць кепскую транспартную даступнасць. Пасля таго як Крым акупавала Расея, шмат хто чакаў абяцаных субсідыяў на авіяперавозкі на паўвыспу. «Аднак субсідаваныя рэйсы з’явіліся толькі ў чэрвені і ў невялікай колькасці, У выніку частка турыстаў увогуле адмовілася ад ідэі ехаць у Крым», – паведамляе Асацыяцыя тураператараў.

Значная частка гэтых турыстаў вырашылася на адпачынак у Беларусі. Акрамя таго, расейцаў усё часцей цікавіць санаторна-курортны адпачынак, – паведамляюць адмыслоўцы.

Іншая тэрыторыя, якая дэ-факта знаходзіцца пад кантролем Масквы – непрызнаная Абхазія. Тураператары спадзяваліся, што сёлета гэты рэгіён станецца «прарывам лета». Аднак гэтага не адбылося – пасля палітычных пратэстаў у Сухумі расейскія турысты вырашылі ўстрымацца ад паездак у Абхазію.

МЛ, belsat.eu

Фота Аляксандр Кузняцоў

Стужка навінаў