Магілёўскія прафсаюзы патрабуюць замяніць расейскае ТБ на ўкраінскае


На іх думку, «РТР, «ОРТ» і «НТВ» прапагандуюць вайну і парушаюць закон «Аб СМІ» і белаарускі Крымінальны кодэкс.

Адпаведны ліст кіраўнікі магілёўскіх аддзяленняў Свабоднага прафсаюза Беларускага (Юрый Новікаў), Свабоднага прафсаюза металістаў (Юрый Дарашэнка), Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці РЭП (Аляксей Яўгенаў) і «Фонду імя Льва Сапегі» (Уладзімір Шанцаў) накіравалі Міністру сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусі Сяргею Папкову, а таксама старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» Генадзю Давыдзьку і Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь Аляксандру Канюку, – паведамляе «Spring96.org».

У лісце адзначаецца, што з васьмі каналаў, якія даступны магілёўцам, – тры расійскія, якія акрамя сваіх серыялаў з нізкім культурным узроўнем пачалі падаваць хлуслівую інфармацыю датычна падзеяў ва Украіне. Расея пачала весці інфармацыйную вайну супраць брацкага для беларусаў народа Украіны.

На думку аўтараў ліста, інфармацыя на расійскіх тэлеканалах наўпрост супярэчыць беларускаму заканадаўству, у прыватнасці п.1.3 арт. 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб СМІ», які гучыць наступным чынам: «У СМІ забаронена распаўсюджваць інфармацыю, якая накіравана на прапаганду вайны, гвалту, жорсткасці, экстрэмізму альбо заклікаў да такой дзейнасці».

Аўтары ліста таксама звяртаюць увагу на тое, што некаторыя расейскія тэлеперадачы падпадаюць пад дзеянне арт.130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Распальванне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасці і розні».

Зварот у дзяржаўныя органы магілёўскія дэмакраты падрыхтавалі ў межах кампаніі «Грамадскі кантроль», якая днямі стартавала ў Магілёве, і ставіць за мэту здзяйсняць грамадскі кантроль за дзейнасцю ўлады.

ЮВ, паводле «Spring96.org»

Глядзі таксама
Каментары