Усемагутны Жырыноўскі. Палітык паабяцаў падтрыманне тэрарыстам на Данбасе


Украінскія медыі паведамляюць пра перахоп тэлефоннай размовы аднаго з лідараў бандытаў Уладзіміра Анцюфеева з Уладзімірам Жырыноўскім. Запіс меркаванай размовы расейскага палітыка з «віцэ-прэм’ерам ДНР» апублікаваў тэлеканал «ПЕРЕКРЕСТОК ТВ».

Расейскі палітык нібыта паабяцаў тэрарыстам «падтрымку на самым высокім узроўні».

{movie}Размова Жырыноўскага з «віцэ-прэм’ерам» ДНР|right|17619{/movie}

Анцюфееў, які называе сябе віцэ-прэм’ерам, жаліўся лідару ЛДПР, што рушэнцы, нягледзячы на супраціў, прайгралі вайну і неадкладна патрабуюць любой дапамогі.

«Палітычную падтрымку заўсёды прадставім, але вам падтрымка патрэбна таксама іншая, каб вы маглі процідзейнічаць», – сказаў Жырыноўскі.

Пакуль сапраўднасць запісу праверыць не атрымалася, на афіцыйнай старонцы СБУ яе няма.

Вядома, што скандальны палітык ужо дапамагаў тэрарыстам. У траўні луганскія баевікі атрымалі ад яго ў падарунак браніраваны джып «Тыгр» з сымболікай ЛДПР. А рашэнне пра частковую мабілізацыю ўкраінскай арміі ён расцаніў як аб’яўленне вайны Расеі, пра што напісаў у сваім «Facebook’у».

Тым часам украінскія сілавікі бяруць пад кантроль новыя населенныя пункты. Уначы вайскоўцы ўвайшлі ў Лісічанск.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў