Вайна са смеццем


У сярэднім сучасны чалавек вырабляе ад аднаго да аднаго з паловаю кілаграма адкідаў за дзень. А ў аб’ёме колькасць смецця павялічваецца прыкладна на 3 адсоткі штогод. Таму сучасныя гарады – гэта сапраўдныя фабрыкі сметнішчаў. І адзіны паратунак у гэтай сітуацыі – перапрацоўванне. Але насамрэч эфектыўным яно стане тады, калі свае адкіды будзе раздзяляць кожны.

{movie}Зялёны Гомель |right|17617{/movie}

ГОМЕЛЬЦЫ: “Я аддзяляю пластык. Знайшоў краму, дзе можна пакінуць батарэйкі”.
“Лямпачкі зусім няма куды выкідаць”.
“Калі акумулятар выкінуць, то я далёка не паеду, не настолькі ж фанацею аб прыродзе”.

Агулам пунктаў збору не гэтак шмат, але нават пра існыя – ведаем мала. Хаця раздзяляць смецце і далучыцца да слушнай утылізацыі хацеў бы шмат хто. Для такіх людзей добраю шпаргалкаю стане “Зялёная мапа”, якая днямі запрацавала і для гораду на Сажы. На ёй пазначаная больш як паўсотня месцаў, дзе ў Гомлі можна выкінуць шкло, пластык, метал… Ці дзе з задавальненнем прымуць вашую старую мэблю, бытавую тэхніку, непатрэбную вопратку ці кнігі, якія вы ўжо прачыталі. Асаблівы раздзел – батарэйкі.

НАТАЛЛЯ КІР’ЯНАВА, ПРАЦАЎНІЦА КРАМЫ: “Я лічу, што прадаецца болей батарэек, чым з’яўляецца ў кантэйнеры”.

І праўда… Штогод жа трапляюць у продаж 300 тонаў такіх элементаў. За гэты ж час па ўсёй краіне збіраюць толькі… 9 тонаў.

МІКАЛАЙ КУЛЯШОЎ, НАРЫХТОЎНІК: “Людзі пра нас ведаюць, людзі нас бачаць і заходзяць. Але праблема ў тым, што нашыя кошты крыху ніжэйшыя за расейскія, шмат ідзе менавіта туды”.

У выніку дзяржава і закрывае некаторыя пункты ў Гомлі праз малую загружанасць. Нягледзячы на тое, што раздзельны збор і перапрацоўванне другаснай сыравіны, а таксама бяспечная ўтылізацыя небяспечных адкідаў – гэта важныя крокі на шляху да паляпшэння стану навакольнага асяроддзя. Хоць часта замест таго, каб выкінуць непатрэбнае для нас, можна знайсці ёй ужыванне – падарыць рэчам другое жыццё і дапамагчы іншым людзям.

УЛАДЗІМІР КОЎЗЕЛЕЎ, СТАРШЫНЯ ЭКААРГАНІЗАЦЫІ «АСДЗЕМО», ГОМЕЛЬ: “Няхай гэта маленькая доля ўдзелу ў абароне навакольнага асяроддзя. Але глабальна трэба займацца адукацыяй ды асветніцкаю працаю”.

Ініцыятары “Зялёнай мапы” заклікаюць далучацца! Кожны можа дадаць новы пункт або нават горад, калі ў вас “Зялёная мапа” яшчэ не працуе.

Аліна Коўшык, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў