За вайну заплоцяць алігархі


У Расеі ды Украіне багатых людзей хочуць абавязаць плаціць больш падаткаў, якія пойдуць на дапамогу Крыму і ўкраінскаму войску.

Дэпутаты Дзяржаўнай Думы прыдумалі, як вырашыць праблемы з недафінансаваннем новых суб’ектаў. Расейскія чыноўнікі прапаноўваюць абавязаць заможных грамадзянаў, чый штомесячны заробак складае больш за RUB 1 млн. (каля $ 30 тыс.), плаціць «падатак салідарнасці», які складзе не 13 %, а 30 % ад даходу.

Багатых, што змогуць «скінуцца» на Крым няшмат – усяго 0,2% сацыяльна актыўнага насельніцтва. Аднак іх сукупны даход складае больш за траціну ўсіх даходаў. Эксперты мяркуюць, што ўвядзенне такой сістэмы падаткаабкладання можа прывесці да сыходу бізнесу ў цень, піша bfm.ru.

Падлічана, што на развіццё Крыму і Севастопалю ў бліжэйшыя 5 гадоў спатрэбіцца RUB 790 млрд. (каля $ 22 млрд.). За кошт спецыяльнага падатку для алігархаў штогод плануецца прыцягваць у бюджэт па RUB 300 – 500 млрд.

З падобнай ініцыятывай выступілі і дэпутаты Вярхоўнай Рады. Чальцы партыі «Свабода» прапанавалі ўвесці ваенны падатак для заможных. Паводле лідара фракцыі Алега Цягнібока, гэта можа быць разавая выплата ці добраахвотныя ўзносы на падтрыманне ўкраінскага войска.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў