Ні санкцыяў, ні пагрозаў


Уладзімір Пуцін, які ўчора заявіў пра скліканне Савету бяспекі краіны на тэму суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Расеі, сёння на тым паседжанні прыйшоў да высновы, што пагрозы… няма. Зноў выказваючы сумнеў у легітымнасці дзейных украінскіх уладаў, ільвіную долю сваёй прамовы Пуцін прысвяціў перакананню прысутных у тым, што сітуацыю ў Расеі не дэстабілізуюць ні санкцыі, ні палітычны ціск звонку.

{movie}Ні санкцыяў, ні пагрозаў |right|17598{/movie}

УЛАДЗІМІР ПУЦІН, ПРЭЗІДЭНТ РАСЕІ:
«Грамадзяне Расеі гэтага не дапусцяць і ніколі не прымуць. Але спробы расхістаць грамадска-палітычную сітуацыю, тым ці іншым чынам аслабіць Расею, ударыць па чулых, праблемных месцах, безумоўна, здзяйсняюцца і будуць здзяйсняцца».

Ударыць па чулым месцы маглі міністры замежных справаў краінаў Аб’яднанай Еўропы, якія сёння сустрэліся ўпершыню пасля катастрофы малайзійскага «Боінга». Паводле ранейшых дамоўленасцяў, да канца месяца Еўразвяз меўся прыняць адмысловы «чорны спіс» расейскіх прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць сепаратыстаў. Ці змянілася сітуацыя пасля трагедыі?

ФІЛІП ГЭМАНД, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ВЯЛІКАЙ БРЫТАНІІ:
«Слухайце, усе чакаюць збалансаванага набору захадаў, але свет змяніўся з моманту апошняга паседжання Еўрапейскай рады. Падзеі мінулага чацвера змянілі чаканні грамадства, і мы мусім паслаць людзям выразны сігнал, што мы гатовыя зрабіць наступны крок – як наступства апошніх падзеяў».

Выказваннем гатовасці Еўразвяз пакуль і абмежаваўся, спадзеючыся на дапамогу Масквы ў расследаванні абставінаў падзення малайзійскага самалёта. Сёння целы загінулых прыехалі ў Харкаў. Назіральнікі ж ад АБСЕ сцвярджаюць, што шмат якія дэталі летака, да якога цягам некалькіх дзён доступ мелі толькі сепаратысты, былі пашкоджаныя ўжо пасля падзення. А прэм’ер Аўстраліі, краіны якая ў катастрофе страціла 27 сваіх грамадзянаў, вінаваціць сепаратыстаў у замятанні слядоў.

ТОЎНІ ЭБАТ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР АЎСТРАЛІІ:
«Пасля злачынства пачынаецца прыбіранне. На нашых вачах доказы падтасоўваюць у прамысловых маштабах. Гэта мусіць быць спыненае!»

У адрозненне ад сваіх заходніх калегаў, Кіеў не абмяжоўваецца заявамі ды заклікамі. Вярхоўная Рада сёння прыняла закон, што дазволіць распусціць фракцыю камуністаў, якая падтрымлівала прарасейскія настроі на ўсходзе краіны. Таксама дэпутаты ўхвалілі ўказ прэзідэнта пра частковую мабілізацыю. Паводле Рады нацыянальнай бяспекі, такая патрэба відавочная.

АНДРІЙ ПАРУБІЙ, САКРАТАР РАДЫ НАЦБЯСПЕКІ:
«На гэты момант каля ўкраінскіх межаў, улічваючы Поўнач, Усход, Поўдзень і Крым, перабываюць каля 41 тыс. вайскоўцаў Расейскай Федэрацыі. Толькі на Данецкім аператыўным кірунку з боку Расеі – 150 танкаў, 1 тыс. 400 адзінак іншай бронятэхнікі ды 500 адзінак артылерыйскіх сістэмаў».

Разам з гэтым украінскія войскі зацягваюць кальцо вакол галоўных цэнтраў актыўнасці сепаратыстаў. Баевікі пакінулі сёння горад Севераданецк, дзе жыхары сустракалі кветкамі і караваем Нацыянальную гвардыю. Баевікі з боем адступілі таксама з гораду Папасная ў Луганскай вобласці. Але ўчорашняя спроба сілаў антытэрарыстычнай аперацыі ўвайсці ў Данецк паспяховай не аказалася і забрала жыцці не менш як дзесяці байцоў.

Усевалад Шлыкаў, «Аб’ектыў»

Стужка навінаў