«Калі Пуцін захоча анексаваць Беларусь, Еўропа перашкаджаць не будзе»


«Белсат» запытаў французскага палітолага, што можа здарыцца з Беларуссю, калі запрацуе Еўразійскі саюз.

Менш чым праз шэсць месяцаў, 1 студзеня 2015 года, мусіць запрацаваць Еўразійскі саюз. Еўрапейскія і беларускія эксперты ўпэўненыя, што ён так і застанецца на паперы. Але калі ўсё ж запрацуе, ці будзе для Беларусі выхад з гэтай новай расейска-азіяцкай імперыі?

“У Еўропе ўжо няма тых, хто гатовы памерці за дэмакратыю”

Як зарэагуе Еўропа, калі Еўразійскі саюз усё ж запрацуе? Адказ французскай палітолаг Анайсэ Марын (Anaise Marine) кароткі і песімістычны: “Ніяк”. І Беларусь выцягваць з ЕАС Еўропа наўрад ці стане.

Незалежнасць Беларусі, паводле эксперта, важная для Польшчы, Прыбалтыкі, Швецыі. Іншыя краіны “гуляюць на два полі” – супрацоўнічаюць і з грамадзянскай супольнасцю, і з рэжымам ці ўвогуле лічаць, што Беларусь – гэта легітымная сфера інтарэсаў Расеі.

І нават калі Расея вырашыць анексаваць Беларусь, як украінскія тэрыторыі, радыкальных дзеянняў ад ЕЗ чакаць не варта, лічыць спадарыня Марын: “Ва Украіне яшчэ ёсць людзі, якія пойдуць на смерць за сваю краіну. У ЕЗ такіх ужо няма, хто гатовы памерці за дэмакратыю”. Інакш было б, аднак, калі б Расея пачала агрэсію супраць балтыйскіх краінаў. Яны ўваходзяць у НАТА, і гэта дае права Еўропе бамбаваць Маскву. “Агрэсія на Прыбалтыку стала б самазабойствам для Расеі,” – кажа эксперт.

Антырасейскія параноікі” і “прагматычныя энтузіясты”: хто мае рацыю?

Сярод краінаў Еўразвязу пакуль няма адзінага меркавання наконт Еўразійскага саюзу (ЕАС), зазначае Анайсэ Марын. Ёсць “антырасейскія параноікі”, якія бачаць Еўразійскі саюз як контратаку Расеі на Усходняе партнёрства. Для іх ЕАС – чарговая спроба Расеі адрадзіць Савецкі саюз.

“Памяркоўныя скептыкі” лічаць, што Расея мае права будаваць свой эканамічны саюз, і ўключаць у яго былыя савецкія краіны. А для Беларусі гэта рацыянальна – удзельнічаць у такім саюзе. Але “скептыкі” упэўненыя, што ЕАС застанецца толькі на паперы. І на адносіны Еўропы з Беларуссю ніяк не паўплывае, бо яны і так вельмі абмежаваныя.

А вось “прагматычныя энтузіясты” (і ў першую чаргу – Францыя) успрымаюць ЕАС як новага гульца на міжнароднай арэне і эканамічнага партнёра.

Але збольшага, падсумоўвае спадарыня Марын, у Еўропе на ставяцца сурёзна да ЕАС, “бо ўсе ранейшыя спробы рэінтэграцыі Савецкага саюзу праваліліся — СНД, Саюз Беларусі і Расеі”.

Еўразійскі саюз не перашкодзіць зменшыць кошт візаў для беларусаў

Анайсэ Марын падкрэслівае, што ЕАС, калі раптам запрацуе, перакрые Беларусі дарогу ў Еўропу: “Еўрапейскі і еўразійскі саюзы несумяшчальныя. Еўразійскі саюз – гэта саюз дыктатараў, а не дэмакратычных краінаў. ЕАС – крок для Беларусі незваротны”.

Але гэта асабліва не паўплывае на перамовы пра спрашчэнне візавага рэжыму з Еўразвязам. Візы для беларусаў могуць патаннець, нават калі мы апынёмся ў Еўразійскім саюзе. “Калі беларускі бок і надалей будзе зацікаўлены ў дыялогу па візах, яго можна будзе працягнуць і пасля ўступлення Беларусі ў ЕАС”, – дадае французская экспертка.

Пуцін аднаўляе імперыю Чынгісхана?

На думку беларускіх экспертаў Еўразійскі саюз – чарговы інструмент расейскай прапаганды. “Пуцін хоча прадставіць Еўразійскі саюз як галоўнае дасягненне за час свайго кіравання, глядзіце, Расея збірае зноў вакол сябе “вялікі рускі свет”. Але ў сутнасці гэта – пустышка. Дагэтуль няма ніводнага дакументу па гэтым саюзе, нічога, акрамя гучных словаў,” — мяркуе сацыёлаг Аляксандр Алешка.



Ідэалогія ж гэтай “пустышкі” абапіраецца на канцэпцыю еўразійства пачатку ХХ ст., зазначае палітолаг Павел Усаў. Паводле яе, Расея – спадкаемца не Кіеўскай Русі, а мангола-татарскага ханства. Расея – і не Еўропа, і не Азія, а асобная цывілізацыя, сумесь славянаў і жыхароў стэпаў. І першым аб’яднальнікам гэтых земляў быў Чынгісхан. У еўразійскую імперыю мусяць уваходзіць Сярэдняя Азія і такія еўрапейскія краіны, як Беларусь, Украіна, Малдова. Апошнія падзеі дазваляюць меркаваць, што Пуцін адчуў сябе спадкаемцам Чынгісхана.

Эксперты лічаць, што Еўразійскі саюз – пакуль не больш чым папяровая дэкларацыя Расеяй імперскіх амбіцый. Якая, аднак, усё больш аддаляе Беларусь ад Еўропы. А Еўропа не будзе сілай цягнуць да сябе Беларусь. Беларусы самі мусяць выбраць – быць еўрапейскай краінай ці ў “нэа-царстве Чынгісхана”.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў