“І тут у мяне ўсё абрынулася, пагнала слязу. І я зразумеў, што Радзіма гэта...”


Вёска Качановічы ў Пінскім раёне – калісьці квітучая і шматлюдная, з больш як двума сотнямі жыхароў. Сёння гэта паселішча-прывід, дзе свой век дажываюць пятнаццаць старых. Але ўжо трэці запар год дзякуючы ініцыятыве нарадзінца Качановічаў Мікалая Качаноўскага ў вёску, каб не забываць пра свае карані, наведваюцца тыя, хто з’ехаў шукаць долі ў гарады.

{movie}Не забываць каранёў |right|17579{/movie}

МІКАЛАЙ КАЧАНОЎСКІ, АРГАНІЗАТАР СУСТРЭЧАЎ У КАЧАНОВІЧАХ:

“Ведаў, што людзі гэтак жа сустракаліся калісьці. Спявалі песні, нават танчылі разам калісьці. Цяпер многія паз’язджалі, і, каб неяк аб’яднаць іх, каб былі сустрэчы прынамсі раз на год, збіраемся ўжо трэці год запар, утрымліваем кантакты, абменьваемся гісторыяй. Ды проста прыемна бачыць сваіх землякоў”.

Хтосьці па рэчцы Прыпяць, хтосьці на вазах ці аўтамабілем – у Качановічы з’язджаюцца тыя, чыя продкі жылі ў гэтай вёсцы. Большасць – сталыя людзі, што прыходзяць наведаць могілкі і пабачыцца з былымі суседзямі. Але ёсць і маладыя – дзеці ды ўнукі жыхароў Качановічаў.

ІРЫНА ПАЖАРЫЦКАЯ, УНУЧКА ЖЫХАРОЎ КАЧАНОВІЧАЎ:

“Я ўпершыню сюды прыехала, і вельмі падабаецца сямейная атмасфера, быць блізка да сваёй зямлі, сваіх продкаў. Быць з сям’ёй – самае прыемнае, бо вёска вымірае, а такія падзеі яднаюць людзей, якія хутка… або ўжо забылі, адкуль яны”.

Пасля наведвання могілак людзі збіраюцца ля памятнага каменя, што ўсталяваў спадар Качаноўскі, з датаю першай згадкі пра вёску ў летапісах. Некаторыя не бачыліся дзесяцігоддзямі, іншыя – нават ня памятаюць сваёй малой Радзімы, аднак у такім атачэнні ўсё ўспамінаецца хутка.

УЛАДЗІМІР КОЎБ, УНУК ЖЫХАРОЎ КАЧАНОВІЧАЎ:

“Вельмі прыемна было, калі спыталі: “Хлопец, ты чый?” Я кажу: “Андрэя Піліпава ўнук”. “Андрэя? Дык ты ж свой!” І тут у мяне ўсё абрынулася, пагнала слязу. І я зразумеў, што Радзіма гэта… Калі ёсць душа, то ты сюды вернешся”.

Заканчваецца сустрэча ў падвор’і Мікалая Качаноўскага. Зноў гучаць успаміны ды песні – нешматлікія мясцовыя жыхары запэўніваюць: Качановічы заўсёды славіліся спевакамі. Міграцыя сялянаў у гарады прывяла да таго, што на пачатку стагоддзя ў Беларусі налічвалася больш за дваццаць тысяч закінутых вясковых падворкаў. Можа, варта часам згадаць, хто мы і адкуль?

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў