“Насельніцтва ўспрымае гэта як капрыз алігарха”. У Менску бураць вакзал “Маскоўскі”


Руйнаваць – не будаваць. Менск у літаральным сэнсе на вачах яго жыхароў губляе сваю архітэктурную адметнасць – будынак аўтавакзалу “Маскоўскі”. Апошнія 4 месяцы адна з найбуйнейшых аўтобусных станцыяў у Еўропе ўжо не прымала і не адпраўляла рэйсаў, цяпер жа яе разбіраюць па кавалках.

БУДАЎНІКІ:
“Усё вывозіцца. Далей будзе стаяць драбільная ўсталёўка тут, і будзе будынак перапрацоўваць на друз”.
“Людзі прыходзяць, пытаюцца, мы адсылаем на Цэнтральны вакзал і ўсё”.

Тэрыторыю на скрыжаванні праспекту Незалежнасці ды вуліцы Філімонава, дзе стаяў аўтавакзал, у 2011 годзе выкупіў расейскі “Газпром”. Афіцыйна за зямлю і знос адметнага будынку ўлады Беларусі ад газавага канцэрну атрымалі 35 мільёнаў долараў.

{movie}Менск без «Маскоўскага» |right|17575{/movie}

ВІКТАР ТАЛМАЧОЎ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
“Чыста інерцыя і жаданне зарабіць хаця б долар, як кажа прэзідэнт. Звялося да таго, што гэта ўспрынялі як выгадную ўгоду”.

Чаму ж зямля спатрэбілася “Газпрому” менавіта тут, і навошта выдаткоўваць мільёны долараў на разбурэнне аўтавакзалу, даведацца не проста. Тэлефоны ў прэс-службе “Газпрома” маўчаць, не змаглі адказаць на пытанні “Аб’ектыву” і ў кампаніі “Газпром трансгаз Беларусь” – менавіта для колішняга “Белтрансгазу” на месцы вакзалу і пабудуюць гмах.

ІГАР ГОРСКІ, «ГАЗПРОМ ТРАНСГАЗ БЕЛАРУСЬ»:
«Чаму, навошта, як? Я не магу адказаць на гэтыя пытанні. Пастанавілі на высокім узроўні, не на маім. У нас ёсць орган кантролю ў асобе вялікага «Газпрому».

Сам жа аўтавакзал у эксплуатацыю здалі ўсяго 15 гадоў таму. Тады ж на рэспубліканскім архітэктурным форуме “Берасце-99” праект атрымаў Гран-пры за найлепшую пабудову, а праз некалькі гадоў архітэктара Мікалая Навумава за ягоную працу ўганаравалі Дзяржаўнаю прэміяй. Падабаўся будынак і пасажырам.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Я гляджу на вакзал, і мне гэтак на яго шкада глядзець! Шыбы разбілі. Я не ведаю, як жа гэтак можна! Будавалі-будавалі, такі добры вакзал быў, і ўсё”.
“Вельмі зручна быў размешчаны па ўсіх кірунках. Мне здаецца, няправільна зрабілі”.
“Дзяржава думае толькі пра сябе”.

Таму грамадскасць спрабавала абараніць “Маскоўскі”. Віктар Талмачоў, кіраўнік ініцыятыўнай групы дзеля ўратавання будынку, звяртаўся ў дзясяткі інстанцыяў, у тым ліку да кіраўніцтва “Газпрома” і прэзідэнта Расеі. Супраць разбурэння сабралі 5 тысяч подпісаў.

ВІКТАР ТАЛМАЧОЎ, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ:
“Насельніцтва ўспрымае гэта як капрыз дзяржалігарха, які не можа ўвязаць гэты будынак і пабудаваць у іншым месцы, а менавіта на 9-м кіламетры, за МКАДам”.

Аднак спробы абараніць “Маскоўскі” плёну не прынеслі. Як кажуць будаўнікі, цяпер аўтавакзал поўнасцю гатовы да зносу. Чакаюць, што да восені ад яго не застанецца і каменя.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары