Літва плануе адкрыць у Беларусі візавыя цэнтры


Дзеля вырашэння праблемаў з чэргамі ў літоўскую амбасаду ў Менску Міністэрства замежных спраў Літвы плануе адкрыць у Беларусі візавыя цэнтры. Чакаецца, што гэта адбудзецца ўжо ўвосень.

Як паведаміла прэс-служба літоўскага МЗС у адказ на запыт партала навінаў Delfi, «у візавых цэнтраў будуць неабмежаваныя магчымасці з усімі выгодамі па абслугоўванні асобаў, якія звяртаюцца па візы, а таксама аказанні дадатковых паслугаў».

Цяпер выдзеленыя дадатковыя рэсурсы для працы дыппрадстаўніцтваў Літвы ў Беларусі. «Ад пачатку траўня паступова павялічваецца колкьасць працаўнікоў — цяпер у амбасаду дадаткова прынялі чатырох асобаў. А на летнія месяцы дадаткова камандзіруюцца дыпламат і тэхнічны працаўнік», — паведамляе прэс-служба літоўскага МЗС.

Штодня амбасада Літвы ў Менску выдае больш за 1000 візаў. За першае паўгоддзе гэтага года пасольства ў Менску і консульства ў Горадні выдалі 110 тысяч 513 візаў, што на 6,8% больш, чым за аналагічны леташні перыяд.

«Аб’ёмы выдачы віз адпавядаюць рэальным патокам грамадзянаў, якія адпраўляюцца з Беларусі ў Літву, аднак тэхнічныя магчымасці пасольства дасягнулі мяжы. Электронная сістэма рэгістрацыі пастаянна атакуецца, зламысныя ці прагныя да нажывы асобы ствараюць дадатковыя перашкоды для зладжанай працы візавай службы пасольства. І хоць віз выдаюць больш, чэргі каля амбасады не скарачаюцца», — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы МЗС Літвы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Стужка навінаў