Польскага музыку, які падтрымаў дэмакратыю, не ўпусцілі ў Беларусь


Лідару польскага рэгі-калектыву «Maleo Reggae Rockers» Дарыушу Маляёнаку консульства Беларусі адмовіла ў выдачы беларускай візы. У студзені гэтага года група выступала на Майдане ў Кіеве дзеля падтрымання прыхільнікаў еўраінтэграцыі Украіны, а ў красавіку гурт падтрымаў змаганне за дэмакратыю і вольнасць у нашай краіне на варшаўскім канцэрце «Салідарныя з Беларуссю-2014».

{movie}«Maleo Reggae Rockers» на канцэрце «Салідарныя з Беларуссю–2014» |right|17566{/movie}

Дарыуш Маляёнак планаваў выступіць на фестывалі хрысціянскай музыкі ў канцы ліпеня ў Івянцы. «Беларускія чыноўнікі, атрымаўшы спіс артыстаў, якія павінны прыехаць, адразу заявілі, што мы — палітычна ангажаваныя, бо выступалі на канцэрце на кіеўскім Майдане. Арганізатары фестывалю чулі, што праз гэта ўдзельнікі «Maleo Reggae Rockers» не атрымаюць віз», — цытуе словы Маляёнка сайт выдання «Gazeta Polska Codziennie».

На думку музыкі, такая рэакцыя беларускіх чыноўнікаў на выступ гурта ў іншай краіне красамоўна паказвае сітуацыю, што склалася ў постсавецкіх краінах. «Калі маё імя значыцца ў нейкіх спісах беларускіх чыноўнікаў, значыць, яны надаюць вялікае значэнне маёй музыцы, яны занепакоеныя гэтым. Гэта нагадвае мне аб 1980-ых гадах, калі музыка ў Польскай Народнай Рэспубліцы была свайго роду зброяй. Сёння беларускія ўлады баяцца музыкі, баяцца словаў. Свабодная культура ўяўляецца ім чымсьці небяспечным», — дадаў лідар польскага гурта.

У пасольстве Беларусі ў Польшчы заявілі, што «не каментуюць падобныя пытанні».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН, gpcodziennie.pl

Глядзі таксама
Каментары