Маруся вандруе па Беларусі: Музей пад адкрытым небам. Азярцо


Мяне клічуць Маруся ці проста Маша. Мне хутка будзе шэсць гадоў, і я збіраюся ў школу, каб быць дарослай. Аднойчы мы з матуляй вырашылі, што нядрэнна б пазнаёміцца з гарадамі і вёскамі на радзіме. Радзіма – гэта не толькі радзільня і горад, дзе ты нарадзіўся. Радзіма – гэта месца ў тваім жыцці, да якога вабіць з любой іншай краіны свету, ці яшчэ нейкая кропка на мапе, дзе ты праводзіш значную частку жыцця. А што пабачыла ў нашых падарожжах, я вам буду распавядаць.

Часам, каб трапіць у незвычайнасці, дастаткова з’ехаць з мясцін, з якімі вы звыкліся. Напрыклад, калі вам надакучыла ў горадзе, за прыгодамі можна наведацца ня вельмі далёка, а ў якую-небудзь вёсачку. Што рабіць, калі ўсе вашыя бабулі ў вёсках ужо не жывуць?

Ёсць каля Менску такі вось цікавы, незвычайны музей. Музеі бываюць у памяшканнях, а вось гэты – пад адкрытым небам. Назва яго паходзіць ад мясцінаў, паміж якімі яго заснавалі. Часам клічуць яго Азярцо, часам Строчыцы. Музей гэты як быццам не музей, а сапраўдная вёска, толькі без жыхароў. Калі трапіце на гэтую прастору, вам дазволяць наведваць будынкі рознай формы і вызначэння: царкву, гумно, хатку, нават пачастуюць у карчме-рэстарацыі!

Дык вось аб усім па парадку.

Вёска-музей народнай архітэктуры і побыту (а на радзіме маёй такія вёскі – гэта модная, як пажаданні ператварыцца ў прынцэс ці піратаў, і цікавая з’ява) складаецца з трох частак. І вось усе гэтыя часткі на першы погляд падобныя адна на адну, але ж насамрэч яны – будынкі з розных частак Беларусі. Так, так! Сапраўдная старажытная царква, напрыклад, разабрана на дровы ў Клецкім раёне. Потым яе прывезлі ў музей і сабралі на новым месцы.

Адразу мы трапілі ў вёску, якая падобна на тыя, як будавалі бацькі бацькоў нашых бабуль у цэнтральная Беларусі. Цэнтральная Беларусь – гэта недзе ў сярэдзіне маёй бацькаўшчыны. Недзе, дзе нарадзіўся і жыў у дзяцінстве адзін з маіх дзядуляў. Больш за ўсё мне спадабалася тут карчма (карчма сапраўдная, старажытная, з-пад Нясвіжу, і квас там робяць такі сапраўдны, што а ні ў адзінай краме яго не набыць).

З вёсак цэнтральных, дзе зайшлі мы ў хатку і агледзелі калыску і палічкі, зазірнулі ў гумно і свіран, пайшлі мы па паказальніку ў бок Падняпроўя. Царква тут знаходзілася на рэстаўрацыі, хаткі зачынены, бо гэта быў не выходны, а вельмі спакойны дзень, такі дзень, калі ў вёсцы добра чытаць кніжкі ці адпачываць на сонейку, бо людзей амаль не было. Матуля кажа, што ў сапраўднай вёсцы трэба шмат працаваць з раслінай і гадаваць гаспадарку. Таму шмат людзей і пераехалі жыць у гарады – за разумным і менш складаным жыццём. Вось цікава: што такое лёгкае жыццё і ці такое можа здарыцца з чалавекам?.. Мне вельмі хацелася пабачыць сапраўдных хатніх жывёл, як у маёй прабабулі на Палессе, але жывёла ў музеі чамусьці не вадзілася.

Кажуць дарослыя, што інтэр’еры ў старажытных хатах ствараліся зусім не з тэлевізару і мяккай мэблі, а з месцаў для адпачынку і прыладаў працы, якія выкарыстоўвалі гаспадары. Так вось і змяняўся хатні “дызайн”: улетку прылады для працы ў садочку, узімку – верацяно.

Мы не абышлі ўсю вёску. Яна вялікая-вялікая, супрацоўніца падказала: “Амаль 100 гектараў!” Вырашылі, што сюды добра прыйсці яшчэ раз на якое-небудзь свята ці на пікнік.

Пакуль вярталіся па сцежкам казачнай вёскі, я ўзгадала, як у мінулым годзе ездзілі мы ў госці да адных людзей. Яны кінулі свае кватэры ў сталіцы ды паехалі будаваць сабе жыллё ў лесе. Спачатку гэта быў адзін чалавек, потым да яго прыехалі іншыя і так атрымалася новая вёска, якую яны клічуць экапаселішчам, бо ежа ў іх сапраўдная, без хіміі, і мяса яны не ядуць, бо з жывёлай сябруюць.

Я запыталася дома ў матулі, чаму так: адны ўязджаюць у гарады, а другія кідаюць гарадскі дабрабыт дзеля хаткі. “Шчасце шукаюць. Хто як зразумеў жыццё, той да таго і цягнецца, Марыська.” Што такое шчасце шукаць? Ці яно ў вёсцы жыве, ці ў горадзе? Некаторыя людзі кажуць, што ў адной краіне шчасця няма і вандруюць шмат па свеце, каб знайсці яго ў другой. Але мне здаецца, шчасце недзе там, дзе жывуць старыя людзі, яны ж разумнейшыя за нас, маладых і маленькіх, і вяртаюцца, як казаў мой дзядуля загадкава, “да зямлі і рэчаіснасці”.

Гісторыю запісала Зарына Бабко для belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары