Недабор у вну: бяруць нават з «тройкамі»


Уступныя іспыты мінулі, да 22 ліпеня ўніверсітэты Беларусі залічваюць новых студэнтаў. Найбольш папулярныя кірункі – дызайн, праграмаванне, права. Аднак на спецыяльнасці непапулярныя ў 55 ВНУ – вялізны дэфіцыт абітурыентаў. Міністэрства адукацыі абвяшчае дадатковы набор, здавальняльнымі абавязвае лічыць нават “тройкі” па прадметах. Ускосна вінаватаю ў гэтым студэнты лічаць недастатковае рыхтаванне ў школе.

{movie}Самыя непапулярныя|right|17543{/movie}

МАРГАРЫТА АБРАМОВІЧ, АБІТУРЫЕНТКА ПЕДУНІВЕРСІТЭТУ:
“Тое, што ёсць у школьнай праграме, гэта толькі палова таго, што ёсць у ЦТ. Выходзіць, што для ЦТ трэба вывучаць усё больш паглыблена, чым у школе. Таму людзі кепска пішуць ЦТ”.

Маргарыта з мужам Іллём – абітурыенты Педагагічнага ўніверсітэту, абодва пайшлі якраз на папулярны кірунак – фізічную культуру. Конкурс складаў амаль 3 чалавекі на месца. Аднак калі на будучае навучанне пара глядзіць з аптымізмам, то вяртацца ў школу ў ролі настаўнікаў фізкультуры абодвум не хочацца.

ІЛЛЯ АБРАМОВІЧ, АБІТУРЫЕНТ ПЕДУНІВЕРСІТЭТУ:
“Я б цяпер не пайшоў працаваць у школу, бо сёння ў школах вялікія нагрузкі, педагогаў не хапае, а за такі мізэрны заробак аддаваць працы столькі сілаў і часу не бачу сэнсу”.

З гэтае ж прычыны баіцца моладзь прафесіяў медсястры ці фельчара. Апроч нізкага заробку тут палохае і немагчымасць звольніцца з месца працы да заканчэнне кантракту. Для паступлення ў Менскі медычны каледж сёлета было дастаткова проста занесці атэстат са сваім сярэднім балам.

ЛІДЗІЯ МУРАШКА, АБІТУРЫЕНТКА МЕДЫЧНАГА КАЛЕДЖУ:
“Раней трэба было здаваць цэнтралізаванае тэставанне, у гэтым годзе – таксама, мы ўжо збіраліся, праходзілі рэпетыцыйныя, але вось адмянілі. Але нам гэта да лепшага, нам лягчэй будзе паступіць”.

Каб забяспечыць патрэбу сталічнай сістэмы аховы здароўя ў спецыялістах, каледж мае набраць на навучанне 480 чалавек. Летась установа не займела патрэбнай колькасці студэнтаў, таму сёлета – экзаменацыйная палёгка.

ГАЛІНА ГРЫШКЕВІЧ, ДЫРЭКТАРКА МЕДЫЧНАГА КАЛЕДЖУ:
“Не хацелася б, каб на наступныя гады ў нас захавалася гэтая тэндэнцыя. Вядома, хацелася б, каб быў падняты прэстыж прафесіі, каб на гэтую спецыяльнасць усё ж быў конкурс”.

А між тым выпускнікі гэтага каледжу – тыя, хто будзе працаваць на хуткіх дапамогах і прымаць на свет новых беларусаў. Між іншых кірункаў, дзе сёлета не стае абітурыентаў, – прыкладная матэматыка, энергетыка, ахова прыроды, пачатковая адукацыя. Адмыслоўцы прагназуюць, што праблема яшчэ выбухне.

ЯЎГЕН ЛЕВІЯНТ, РЭПЕТЫТАР ЦЭНТРУ «100 БАЛАЎ»:
“Праз 10 гадоў са школаў сыдуць апошнія савецкія настаўнікі, гэта элементарна палічыць, застануцца хіба што адзінкі. На іхнае месца прыйдуць тыя, хто жудасна вучыўся ў школе, і ніякі ўніверсітэт іх не выправіць”.

А пытанне “хто будзе вучыць?”, як і “хто будзе лячыць?”, гэтак ці інакш паўстане для кожнага.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў