Баевікі выкралі целы ахвяр авіякатастрофы «Boing-777»


Пад пагрозай фізічнай расправы, тэрарысты вымусілі ўкраінскіх выратавальнікаў загрузіць у свой аўтамабіль целы 34 загінулых, каб даставіць іх у Данецк.

Пра гэта паведамляе «Українська правда» са спасылкай на свае крыніцы ва ўрадзе.

Паводле інфармацыі аператыўна-каардынацыйнага цэнтра кіравання Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях (ДНС) у Данецкай вобласці, 18 ліпеня каля 21:00 у зону пошуку целаў загінулых у выніку авіякатастрофы самалёта «Boing-777» авіякампаніі «Malaysia Airlines» у раёне пасёлка Рассыпное прыбыла група ўзброеных тэрарыстаў з 20 чалавек.

Пад пагрозай фізічнай расправы ўзброеныя баевікі вымусілі «асабовы склад пошукава-выратавальнага падраздзялення ДНС загрузіць целы 34 з 36 загінулых, знойдзеных на вечар 18 ліпеня, у іх аўтамабіль з мэтай дастаўкі целаў у Данецкі», – цытуе крыніцу ва ўкраінскім урадзе «Українська правда».

Прадстаўнік украінскай Рады нацыянальнай бяспекі Андрэй Лысенка падчас сённяшняга брыфінгу паведаміў, што баевікі спрабуюць знішчыць доказы авіякатастрофы. Паводле яго слоў у афіцыйнага Кіева няма інфармацыі аб месцазнаходжанні чорных скрынак. Украінскія выратавальнікі працуюць на месцы падзення самалёту пад рулямі аўтаматаў. Усе знойдзеныя доказы яны вымушаны перадаваць тэрарыстам, – заявіў Лысенка.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары