Хата ўжо не з краю. Каго беларусы вінавацяць у збіцці самалёта над Украінаю?


Трагедыя, што адбылася на тэрыторыі суседняй дзяржавы, ускалыхнула і беларускае грамадства. Менчукі спачуваюць, і некаторыя з іх ідуць да Консульства Нідэрландаў, каб ускласці там кветкі.

ЖЫХАР МЕНСКУ:

“Смуткую. Гора для сем’яў… Вялікае гора”.

Кранае беларусаў трагедыя і таму, што вінаваты ў ёй адзін з нашых суседзяў. Толькі меркаванні аб тым, які менавіта, падзяліліся.

{movie}Хата ўжо не з краю|right|17532{/movie}

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Цяпер няма падзеяў ва Украіне такіх, да якіх не прыклала б руку Расея. Крым: за некалькі дзён дакументы перапісалі – Крым наш! Тое ж самае паспрабавалі з Данецкам зрабіць. Галоўная сутнасць таго, што Расея спрабуе, гэта зрабіць так, каб ніхто на яе не падумаў”.

“Я думаю, што гэта расейцы, бо яны лезуць, куды не варта”.

“З дапамогаю расейскіх сілаў быў збіты гэты самалёт. Можа, нават дзеля таго, каб увесці войскі ва Украіну расейскія”.

Некаторыя суграмадзяне пераканана кажуць пра віну ў трагедыі іншага боку.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Украіна сама збіла самалёт і хоча спіхнуць на Расею”.

“У апалчэнцаў і ўстановак няма такіх зенітных, каб збіваць”.

“Гэта не Расея. Гэта дакладна. Калі толькі не амерыканцы”.

Апошнія меркаванні пераважаюць і ў рэгіёнах. Пераканаўся ў гэтым незалежны журналіст Алесь Ляўчук, які ў адной з берасцейскіх маршрутак з нагоды трагедыі запатрабаваў зняць расейскі сцяжок.

АЛЕСЬ ЛЯЎЧУК, НЕЗАЛЕЖНЫ ЖУРНАЛІСТ:

“У абарону кіроўцы выступілі амаль усе пасажыры маршруткі, якія пачалі вельмі агрэсіўна крычаць, што Расея тут ні пры чым, што ўсё правакуе Амерыка, што яна бамбіла постсавецкія краіны”.

Аднак большасць нашых суграмадзянаў не спяшаецца абвінавачваць той ці іншы бок.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

“Калі ідзе інфармацыйная вайна, ваююць усе. Я не бачу прынамсі пакуль сур’ёзных аргументаў з аднаго ці другога боку”.

“Верыць нікому нельга. Трэба слухаць адных і другіх, і рабіць уласныя высновы”.

“Трэба разабрацца. Але калі акажацца, што вінаваты расейскі бок, то, натуральна, будуць сур’ёзныя наступствы”.

“Зразумелая справа, цяпер будуць валіць адно на аднаго. Як яшчэ мы не ўмяшаліся ў гэтую тэму”.



У адрозненне ад расейскіх СМІ дзяржаўныя медыі Беларусі спрабуюць захаваць нейтральнасць… не дагаворваючы ўсёй праўды.

ПАНАРАМА ТЭЛЕКАНАЛУ «БЕЛАРУСЬ 1»:

“Па адной з версіяў лайнер мог быць збіты ракетай, аднак чыёй менавіта, пакуль не зразумела. Кіеў і апалчэнцы ўжо абвінавацілі ў крушэнні лайнеру адно аднаго”.

Афіцыйнымі спачуваннямі вярхоўнаму кіраўніку Малайзіі, каралю Нідэрландаў і генерал-губернатару Аўстралійскага Саюзу абмежаваўся і сам кіраўнік Беларусі, што акрэсліў здарэнне як катастрофу, а не злачынства ці збіццё.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“Ад імя народу Беларусі выказваю шчырыя і глыбокія спачуванні ў сувязі з жудаснай катастрофаю самалёта “Боінг-777” “Малайзійскіх авіялініяў” у небе над Украінаю”.

Называюць рэчы сваімі імёнамі прадстаўнікі беларускай апазіцыі, якія чарговы раз заклікаюць улады перастаць недаацэньваць небяспеку, якую нясе палітыка нашага ўсходняга суседа.

ІГАР ЛЯЛЬКОЎ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ ПАРТЫІ БНФ:

“Беларусь мусіць на дзяржаўным узроўні асудзіць гэты тэрарыстычны акт і судзіць тых людзей, якія гэты тэракт зрабілі. Пасля таго, што адбылося ўчора, гэты канфлікт на Данбасе ўжо нельга разглядаць як унутраную справу Украіны”.



Учора пазіцыя “мая хата з краю” перастала датычыць чарговых дзевяці краінаў, грамадзяне якіх сталі ахвярамі трагедыі. Чаго ж чакаць нам – самым блізкім да канфлікту суседзям?

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў