Тэрарыст Безлер: «... пасля допыту ўсе гэтыя сволачы будуць знішчаныя»


Абхазія, Прыднястроўе, Паўднёвая Асеція, Крым, Данеччына. Гэта – спіс расейскіх ваенных аперацыяў на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу і гэткі ж – паслужны спіс найвышэйшага кіраўніцтва данецкіх сепаратыстаў. Але ўсё часцей паўстае пытанне: ці можна іх надалей называць сепаратыстамі, а тым больш – данецкімі?

{movie}Хто такія «данецкія сепаратысты»? |right|17531{/movie}

ІГАР ГІРКІН (СТРАЛКОЎ), «МІНІСТР АБАРОНЫ ДНР»:
“У мінулым я быў працаўніком Федэральнай службы бяспекі. Звольніўся. 31 сакавіка быў адлічаны з часткі. У званні палкоўніка запасу”.

Грамадзянін Расеі Ігар Гіркін, вядомы пад псеўданімам Стралкоў, распачаў баявую дзейнасць у Прыднястроўі. Туды, на падтрыманне мірных пратэстаў малдаўскай прарасейскай меншасці, пачалі ўпершыню з’язджацца ўзброеныя нацыяналісты з усёй Расеі. Атрымаўшы зброю ад размешчанай там 14-й дывізіі савецкай арміі, расейскія баевікі ператварылі грамадзянскія беспарадкі ў ваенны канфлікт, які каштаваў абодвум бакам каля тысячы забітых. Менавіта ў часе той кампаніі будучы кіраўнік данецкіх баевікоў Гіркін упершыню перасекся з ідэалагічным лідэрам дзейнага антыўкраінскага паўстання – прэм’ер-міністрам “ДНР” Аляксандрам Барадаем.

АЛЯКСАНДР БАРАДАЙ, «ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР ДНР»:
“Хаця б на нейкіх, хай сабе птушыных правах, нейкай асацыяцыі, пашыраных эканамічных сувязях. На любых варыянтах. Было б нядрэнна, калі б мы маглі частку Украіны так ці інакш далучыць да сябе”.

Гэта – словы Барадая яшчэ падчас разгону Еўрамайдану. Прафесійны піяршчык Аляксандр Барадай, як і Гіркін, – карэнны масквіч. Але ў адрозненне ад свайго паплечніка, які пасля Прыднястроўя накіраваўся ў Чэчню ў якасці прафесійнага вайскоўца-выведніка, Барадай паехаў на Каўказ ваенным карэспандэнтам РІА “Новости”, а пазней адкрыў уласнае кансалтынгавае агенцтва для правядзення палітычных кампаніяў. Яшчэ ў 2002 годзе расейская прэса прыпісвала яму пасаду генерал-маёра ФСБ са спецыялізацыяй на адмысловых унутрыпалітычных праектах. Сам Барадай тады датычнасць да спецслужбаў адмаўляў. Затое падпалкоўнікам ГРУ прадстаўляецца іншы данецкі баявік з расейскім грамадзянствам, які з учорашняга дня атрымаў сусветную вядомасць.

ІГАР БЕЗЛЕР, КІРАЎНІК «АПАЛЧЭННЯ» Г. ГОРЛАЎКА:
“Я цяпер буду браць па адным палонным, буду дапытваць, але пасля допыту ўсе гэтыя сволачы будуць знішчаныя”.

Гэта нядаўні зварот Безлера, вядомага на мянушку Бес, да міністра ўнутраных справаў Арсэна Авакава. А гэта, паводле Службы бяспекі Украіны, учорашнія ягоныя перамовы з куратарам ГРУ праз паўгадзіны пасля знішчэння самалёта “Малайзійскіх авіялініяў”.

БЕС:
“Толькі што збілі самалёт. Група “Мінерва”. За Енакіева упаў”.

Гэты запіс – праўда, не пацверджаны з іншых крыніцаў – можа сведчыць пра датычнасць да збіцця самалёту не толькі сепаратыстаў, але і непасрэдна расейскага камандавання. Праўда, і самі баевікі, або прынамсі значная іх частка, што ваюе з расейскімі пашпартамі пад камандаваннем вайсковых і PR-экспертаў ФСБ, падыходзяць ужо больш пад вызначэнне не паўстанцаў, а паўнавартасных расейскіх дыверсійных групаў.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў