Знішчыць баевікоў ці ісці на перамовы? Рэакцыя сусветных лідараў на тэракт


Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка не сумняецца, што менавіта прарасейскія баевікі збілі «Боінг-777». Расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін заявіў, што трагедыі б не адбылося, калі б на ўсходзе Украіны не ўзнавілі баявыя дзеянні.

Пятро Парашэнка, прэзідэнт Украіны

«Гэтая трагедыя ізноў паказала, што тэрарызм – гэта не лакальная праблема, а глабальная пагроза. Расейская агрэсія супраць Украіны гэта не толькі нашая праблема, гэта праблема Еўропы і глабальнае бяспекі. І гэтая пагроза вымагае адзінага глабальнага адказу. Увесь свет пабачыў сапраўдны твар агрэсара. Тое, што збілі цывільны самалёт, з’яўляецца тэрарыстычным актам, скіраваным супраць усяго свету. Гэта трывожны званок для ўсяго свету і мы чакаем на адэкватнае падтрыманне з боку міжнароднай супольнасці».

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі

«Гэтай трагедыі не было б, калі б на гэтай зямлі быў мір, прынамсі калі б не былі ўзноўленыя баявыя дзеянні. Безумоўна, дзяржава, над тэрыторыя якога гэта адбылося, нясе адказнасць за гэтую страшную трагедыю. Я ўжо даў адпаведныя даручэнні ваенным ведамствам, каб яны аказалі ўсю неабходную дапамогу дзеля расследавання гэтага злачынства».

Барак Оўбама, прэзідэнт ЗША

«Увесь свет сочыць за паведамленнямі пра збіты самалёт паблізу ўкраінска-расейскай мяжы. Злучаныя Штаты будуць прапаноўваць любую дапамогу, якую ў стане аказаць, каб дапамагчы вызначыць, што здарылася і чаму».

Наджыб Разак, прэм’ер-міністр Малайзіі

«Украінскія ўлады мяркуюць, што самалёт быў збіты. Мы павінны дакладна даведацца, што адбылося з гэтым летаком. К Калі высветліцца, што самалёт сапраўды збілі, мы будзем настойваць на тым, каб злачынцы былі хутка пакараныя».

Франк-Вальтэр Штайнмаер, міністр замежных справаў Нямеччыны

«Сотні людзей, аніяк не звязаныя з сітуацыяй ва Украіне, загінулі. Мы спадзяемся, што будзе зроблена ўсё, каб даведацца, што і як адбылося. Сепаратысты павінны неадкладна гарантаваць, што ратаўнікі ды сілы бяспекі атрымаюць доступ да месца аварыі. Патрэбнае міжнароднае расследаванне як мага хутчэй».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў