Дзікі і новыя пагрозы АЧС


Як абараніцца ад нашэсця дзікоў? З такім пытаннем кладуцца спаць і прачынаюцца жыхары некалькіх вёсак у Лоеўскім раёне на Гомельшчыне. У адной з іх пад назваю Рудня Каменева пабывалі і журналісты “Аб’ектыву”. Мясцовыя жыхары казалі нам у адзін голас.

{movie}Дзікі і новыя пагрозы АЧС (17.07.14) |right|17504{/movie}

ТАЦЦЯНА ГАГОЛКІНА, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Мы і смецце ў бочках палім, бабуля панавешвала ўсялякіх пудзілаў, банак начаплялі, свет правялі і нават радыё. Не ведаю, што ім яшчэ! Яны ж ідуць і ідуць. Яны ж нічога не баяцца”.

І гэтак штодня.

КЛАЎДЗІЯ ШАСТАК, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Чатыры разы за ноч хадзіла. А гэта для мяне ўжо цяжка. Бяру дзве палкі ды іду”.

Жыхары вёсак Рудня Каменева, Першамайск, Карпаўка пакутуюць ад дзікіх жывёлінаў ужо некалькі гадоў. Людзі жывуць пад сталаю пагрозаю здароўя, а нават і жыцця. Дзікі падыходзяць беспасярэдне да дамоў вяскоўцаў.

ВАЛЯНЦІНА ЛЯЛЕКАВА, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Прыйшла свіння з парасятамі і перарыла ўвесь агарод. Поўнасцю!”.

ТАЦЦЯНА ГАГОЛКІНА, МЯСЦОВАЯ ЖЫХАРКА:
“Цыбулю парылі на 70 %, бульбу напалову знішчылі”.

Мясцовы жыхары звярталіся па дапамогу і Лоеўскі райвыканкам, і ў мясцовы сельсавет. Пакуль безвынікова.

СВЯТЛАНА ДЗЕГЦЯРЭНКА, СТАРШЫНЯ СТРАДУБСКАГА СЕЛЬСАВЕТУ:
“Рудня Каменева месціцца на тэрыторыі біялагічнага заказніку. Гэта як Белавежская Пушча. Адстрэл праводзіць нельга, тым больш у паселішчы. Гэту праблему агучылі на планёрнай нарадзе ў райвыканкаме. У нас у біялагічным заказніку ёсць паляўніцтвазнаўцы. Ім было даручана зрабіць некаторыя захады”.

Аднак іх вынікі пакуль не задавальняюць. У той жа час у адным з блізкіх раёнаў існуе падазрэнне з’яўлення новага ачага афрыканскай чумы свіней. Некалькі дзён таму ў адным з матэрыялаў “Аб’ектыў” распавёў пра сітуацыю ў іншым раёне Гомельшчыны – Веткаўскім. У размове з журналістамі жыхары вёскі Казацкія Балсуны паведамілі нам пра масавы падзеж свіней у селішчы.

Сёння Веткаўскі райвыканкам адмовіўся пацвердзіць існаванне новае крыніцы эпізаотыі, аднак што дакладна выклікала масавы падзеж свіней у раёне, яго кіраўніцтва пакуль не ведае. Дакладна вядома, што новыя выпадкі захворвання афрыканскай чумы свіней выяўленыя ў рэгіёнах Расеі, якія непасрэдна мяжуюць з Гомельскаю вобласцю.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары