У Менску адчынілі першую літаратурную кавярню – пакуль з каваю на вынас


Беларуская літаратура зрабіла чарговы крок у бок Еўропы. У кнігарні «Галіяфы» адкрылася пакуль першая ў Менску літаратурная кавярня, так што знаёмая кожнаму еўрапейцу формула кніга+кава цяпер дасяжная менчукам не толькі ў хатнім фармаце. Святкаваць адкрыццё першай кнігарні, дзе можна набыць каву, ды першай кавярні, дзе можна набыць кнігу, прыйшлі пісьменнікі.

{movie}У Менску адчынілі першую літаратурную кавярню — пакуль з каваю на вынас |right|17492{/movie}

Зміцер Вішнёў, дырэктар выдавецтва «Галіяфы», распавядае:
«На сённяшні дзень у нас прадаецца кава толькі на вынас, сёння падчас прэзентацыі мы раздаем каву бясплатна, робім пачастунак бясплатна, не прадаем. На пэўныя рэчы нам патрэбная ліцэнзія, цяпер мы гэтым займаемся, цягам года, думаю, будзем больш разняволеныя».

А тады ў «Галіяфах» маюць з’явіцца печыва, пірозівы ды іншы пачастунак. На святочнай вечарыне з нагоды адкрыцця кававай тэрасы выступілі Альгерд Бахарэвіч, Сяргей Сыс, Сяргей Вераціла, зайграў і заспяваў Леанід Нарушэвіч з гурта «Князь Мышкін».

«Цяпер мы паціху-паціху, але даганяем сусветны літаратурны працэс, – зазначае пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. – Думаю, што людзі, якія бываюць за мяжою, разумеюць, што ніводзін еўрапейскі горад, а пагатоў сталіца без літаратурнай кавярні існаваць не можа».

Сёлета кавярня будзе працаваць знадворку – пакуль дае надвор’е. У памяшканне столікі перанясуць тады, калі дазволяць мясцовыя ўлады, і каваю можна будзе частавацца непасрэдна каля кніжных паліцаў.

Іншыя тэмы: Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі скончыў сезон адразу дзвюма камедыямі беларускіх рэжысёраў пад агульнаю назваю «Фінт Круазэ». Блюз-рокавы гурт «Road Dogs» рыхтуе новую кружэлку пад назваю «Нумар 2». У Брытаніі стартуе маштабны мастацкі праект пад назваю «Art Everywhere».

Адэля Дубавец, «Навіны культуры»

Глядзі таксама
Каментары