Павал Шарамет змушаны звольніцца з расейскага тэлебачання


Вядомы расейскі журналіст цвердзіць, што ў ягонай краіне пачалі цкаваць тых журналістаў, што пішуць праўду пра падзеі ва Украіне.

Павал Шарамет паведаміў у “Facebook”, што спыняе супрацу з расейскім грамадскім тэлебачаннем (канал “ОТР”). “Гендырэктара ОТР закатавалі лістамі з адміністрацыі прэзідэнта нібы з просьбаю разабрацца з сігналамі грамадскасці адносна русафоба Шарамета”, – піша журналіст. На канале цягам 9 месяцаў ён вёў праграму “Правда!”, якая не падзяляла погляды Крамля адносна падзеяў ва Украіне.

Журналіст паведамляе, што іншым ягоным калегам, якія не працуюць у рэчышчы прапагандыстаў Крамля, наўпрост пагражаюць. Гэтак у эфіры тэлеканала НТВ прагучала інтэрв’ю, у якім пагражаюць расправаю журналістам “Эха Москвы”.

“Баявікі не баяцца ўкраінскіх “Градаў”, бо па іх з “Градаў” яшчэ асабліва не палілі. Яны праўды баяцца больш за ўсялякія “грады”, – зазначае Павал Шарамет.

Паводле журналіста, расейскае грамадства ахопленае «мілітарысцкім угарам, людзі адурманеныя і шукаюць занадта простыя адказы на складаныя пытанні. Імі маніпулююць, але яны не асабліва і супраціўляюцца».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў