Як паўставалі культавыя фотаздымкі. Што засталося па-за ўвагаю гледача? Аўтары, героі ды эпохі – на чорна-белых і каляровых карцінках. Пра іконы эпохаў – у праектах нашага сайту піша журналіст, знаўца гісторыі фатаграфіі ды фатограф Дзяніс Дзюба.
Уявіць падарожжа без фотаапарата ў XX стагоддзі стала немагчыма. Выправа на Месяц не была выключэннем.
Хто будзе месяцовым фатографам у Х’юстане вырашылі яшчэ на этапе трэніровак: на перадпалётных здымках бачна абцяжаранага апаратурай Ніла Армстранга, які выпрацоўвае амаль механічную звычку рэгістраваць ўражанні не толькі на дыктафон, але і на фотастужку. Увогуле, НАСА глядзела на сваіх супрацоўнікаў не проста як на дакументалістаў, а як на творцаў – і цалкам выкарыстоўвала крэатыўныя здольнасці пілотаў. Пакуль Армстранга рыхтавалі да ролі рэпарцёра, пілоту каманднага модуля давялося стаць дызайнерам і капірайтэрам: менавіта Майклу Колінзу выпала заданне намаляваць лагатып экспедыцыі і даць імены абодвум модулям карабля.
Калі 20 ліпеня 1969 года Ніл Армстранг і Эдвін Олдрын выйшлі з ракеты (Колінз застаўся ўнутры), яны вынеслі смецце і ўключылі тэлевізійную камеру – паўмільярда людзей на нашай планеце сачылі за імі ў наўпроставым эфіры. Пакуль зямляне хрумкалі папкорнам, паверхня нашага спадарожніка была сфатагравана ў месцы высадкі ўздоўж і ўпоперак. Аднак мы маглі ніколі не пабачыць гэтых здымкаў: калі астранаўты вярталіся ў модуль, каб вяртацца дадому, касета з адснятай фотастужкай упала ў месяцовы пыл. Армстранг заўважыў гэта адразу, аднак пульс крыху падскочыў, і Х’юстан загадаў касманаўту перавесці дух.
Пасля 1969 года чалавеку на момант магло падацца, што ў космасе больш не патрэбныя візы і наступны прыпынак – Марс, але праз 45 гадоў на Месяцы ад нас застаўся толькі мяшок са смеццем. Гэта тыповая фатаграфія на памяць: адзін вандроўнік робіць другому лук у месцы, куды яны больш ніколі не вернуцца. Такі турызм без магнітаў.