Цяпер у Аляксандры Герасімені – больш за 100 залатых медалёў!


Аляксандра Герасіменя 102-гі раз выйграла чэмпіянат Беларусі па плаванні.
У Берасці праходзіць адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні на кароткай вадзе (басейн 25 метраў). Першы дзень спаборніцтваў прынёс неверагодны рэкорд. 28-гадовая «залатая рыбка» Аляксандра Герасіменя выйграла тры залатых медалі і 102-гі раз стала чэмпіёнкай краіны.
Перад стартам у Берасці ў калекцыі Герасімені было 99 залатых медалёў чэмпіёнкі Беларусі. Ужо ў першым фінальным заплыве Аляксандра з вялікім адрывам перамагла на дыстанцыі 50 метраў на спіне, і стала стократнаю чэмпіёнкай Беларусі. На гэтым Герасіменя вырашыла не спыняцца і выйграла яшчэ два золата ў складзе каманды Менску – комплексная эстафета 4х50 м і змяшаная эстафета 4х50 м вольным стылем.
Ніводзін беларускі спартовец не можа пахваліцца такою колькасцю дасягненняў. Яшчэ ў калекцыі Герасімені ёсць 32 медалі, заваяваныя на Алімпіядах, чэмпіянатах свету і Еўропы, Універсіядах.
Аляксандра Герасіменя – чэмпіёнка чэмпіянату свету 2011 у Шанхаі, чэмпіёнка і срэбны прызёр Чэмпіянату Еўропы 2010 у Будапешце. Трохразовая чэмпіёнка Еўропы сярод юніёраў 2001 года. Рэкардсменка Еўропы сярод юніёраў. Двухразовы срэбны прызёр Летняй алімпіяды ў Лондане. І гэта пры тым, што два гады кар’еры Герасіменя прапусціла праз дыскваліфікацыю. Як адзначае сама Аляксандра галоўная яе мэта на бліжэйшы час – патрапіць на летнюю Алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанейра-2016 і перамагчы. Толькі алімпійскага зотала не хапае ў калекцыі спартоўкі.
Алесь Ляўчук, belsat.eu
Стужка навінаў