«Яны забіваюць Украіну»


Сёння ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі невядомыя людзі паспрабавалі забіць міністра ўнутраных справаў Украіны Арсэна Авакава. Замах сарвалі, падазраваных затрымалі. Арсэн Авакаў, між іншым, суправаджаў прэм’ер-міністра ў Славянску.
Агулам сілавікі адзначаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі ды тэхнічнага забеспячэння расейскіх дыверсантаў. Хоць і неабвешчаная, але ідзе вайна, да якой Пуцін рыхтаваў Расею не менш за 10 гадоў, лічыць украінскі прэм’ер.
АРСЕНІЙ ЯЦЭНЮК, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ:
“Хтосьці пачаў называць гэта гібрыднаю вайною, хтосьці – схаванай. Але і нашых вайскоўцаў, і мірных грамадзянаў забіваюць тэрарысты. І забіваюць краіну. Забіваюць толькі за тое, што мы з вамі сказалі: мы вольныя людзі ды вольная дзяржава, мы хочам ісці да Еўропы”.
Паводле Арсенія Яцэнюка, не атрымаўшы падтрымкі на ўсім чарнаморскім узбярэжжы, Крэмль змяніў планы. І цяпер з Данбасу робяць украінскую гарачую кропку, кшталту Палестыны. Сёння ў гэтую гарачую кропку з Сафійскай плошчы Кіева праводзілі байцоў добраахвотніцкага батальёну “Азоў”. Хлопцам – па 20–25 гадоў.
{movie}«Яны забіваюць Украіну»|right|17474{/movie}
БАЙЦЫ БАТАЛЬЁНУ «АЗОЎ»:
“Я не хачу, каб у мой дом прыйшлі гэтыя забойцы, тэрарысты, за грошы гатовыя рабіць што заўгодна”.
“Зямлю акупавалі нашую, забіраюць тэрыторыю нашую – як я магу не паехаць? Кожны чалавек, што паважае сябе, мусіць туды ехаць, кожны мужчына нават, не чалавек, а мужчына. Хаця дзяўчаты таксама едуць”.
І ўсё больш украінскіх сем’яў маюць, за каго перажываць на фронце неабвешчанай вайны.
АНАСТАСІЯ, ЖЫХАРКА КІЕВА:
“Нікога асабіста з іх не ведаю, але кожнага з іх адчуваю, як свайго брата. Таму жадаю ім мужнасці і шчасця вытрымаць гэтую вайну. І вярнуцца жывымі ды здаровымі, самае галоўнае”.
Звышцяжкая задача. Сёння ў Луганскай і Данецкай абласцях ішлі цяжкія баі, забітыя і параненыя ёсць з абодвух бакоў. Сілавікі зноўку ўжываюць авіяцыю, сепаратысты лупяць з установак “Град” па сектарах. Удзень баевікі паспрабавалі акружыць вайскоўцаў у раёне памежнага пераходу Ізварына. Не выйшла.
ІГАР СТРАЛКОЎ (ГІРКІН), «ГАЛОЎНАКАМАНДУЮЧЫ ДНР»:
“Атакавалі Марынаўку, паспрабавалі перасекчы калідор, які звязвае паўднёвую групу праціўніка з асноўнымі іх сіламі. Да канца не прасяклі. Узялі 3 высоткі і адную вёску. Але да самой мяжы прасунуцца не змаглі, занадта вялікія ў іх сілы”.
Расейская мяжа патрэбная баевікам не проста так. Адтуль ідзе дапамога, туды адпраўляюць палонных украінцаў. Сёння консул Украіны нарэшце змог сустрэцца з лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, якую трымаюць у Варонежскім следчым ізалятары. Надзея распавяла, што з Украіны ў Расею баевікі вывезлі яе ў кайданках і з мяшком на галаве.
Доказы таго, што Расея наўпрост пастаўляе танкі і баевікоў у Данецк і Луганск, маюць і Злучаныя Штаты. У Вашынгтоне рыхтуюць новыя санкцыі, як супраць афіцыйных асобаў, так і супраць банкаў і кампаніяў, што датычныя да расейскай агрэсіі ва Украіне.
ДЖЭН САКІ, ДЗЯРЖАЎНЫ ДЭПАРТАМЕНТ ЗША:
“Калі кіраўніцтва Расеі клапоціцца пра свой народ так глыбока, як кажа пра гэта, то мы спадзяемся і чакаем, што гэтыя санкцыі зменяць іх паводзіны”.
Еўразвяз можа дамовіцца пра новыя санкцыі супраць Масквы ўжо сёння, на паседжанні Рады Еўропы, што стартавала 2 гадзіны таму. Паводле агенцтва “Bloomberg” са спасылкаю на праект рэзалюцыі, Еўразвяз спыніць інвестыцыі ў Расею па лініі Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ды ўдарыць па расейскіх кампаніях, што ўдзельнічаюць ва ўкраінскім канфлікце.
АНГЕЛА МЭРКЕЛЬ, КАНЦЛЕР НЯМЕЧЧЫНЫ:
“Ва Украіне няшмат змянілася з апошняга прыезду Пятра Парашэнкі на мінулую сустрэчу Рады Еўропы. Закладнікі не вызваленыя, межы не абароненыя, кантактная група не сустракаецца. Мы будзем абмяркоўваць новыя санкцыі, бо ўнёсак Расеі ў дээскалацыю не быў дастатковы”.
Паводле іншых крыніцаў, Аб’яднаная Еўропа можа спыніць фінансаванне ўвогуле ўсіх праектаў у Расеі ды адазваць папярэднія інвестыцыі. Таксама Брусель можа забараніць інвестыцыі ў Расею ўсім еўрапейскім кампаніям.
Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu
Стужка навінаў