Беларус, якога пераследвалі ўлады, паехаў да Папы Рымскага


Заснавальнік прытулку для бяздомных у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну Аляксей Шчадроў увечары 15 ліпеня выехаў з Горадні на сустрэчу з Папам Францішкам.

На аўтобусе ён мае даехаць да Варшавы, адкуль ужо самалётам паляціць у Рым. 20 ліпеня беларус мае вярнуцца ў Беларусь.

Сакратарыят Святога пасаду зацікавіўся дзейнасцю заснаванага Аляксеем таварыства «братоў-місіянераў прыкладу Маці Тэрэзы з Калькуты».



На сустрэчы з Папам Аляксей плануе закрануць тры пытанні: зарэгістраваць прытулак як суполку братоў-місіянераў, абмеркаваць магчымасць кананізацыі (абвяшчэння святой) Маці Тэрэзы з Калькуты ды прасіць дапамогі ў арганізаванні прытулкаў, падобных як у вёсцы Аляксандраўка, па ўсім свеце.



Архіўны відэаматэрыял пра дзейнасць Аляксея Шчадрова:

{movie}Сюжэт “Аб’ектыву” пра дзейнасць Аляксея Шчадрова|right|17471{/movie}

У чэрвені 2013 года шчучынская міліцыя убудзіла крымінальную справу ў дачыненні да Аляксея Шчадрова, які арганізаваў у выкупленых вясковых хатах у Аляксандраўцы прытулак для бяздомных і нямоглых. Яго абвінавачвалі па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу ў тым, што ён арганізаваў дзейнасць «незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі і забяспечыў ўмовы яе функцыянавання без рэгістрацыі». У мясцовых медыях Шчадрова і тых, хто жыве ў ягоным прытулку, абвясцілі сектантамі. Праз некалькі месяцаў заснавальнік прытулку з дапамогай праваабарончых арганізацыяў зарэгістраваў прыватную сацыяльную ўстанову «Павер у сябе» і крымінальную справу супраць яго спынілі.

МЯ, belsat.eu, паводле krynitsa.info

Стужка навінаў